„Форэст Гамп” у беларускай агучцы



Стужку „Форэст Гамп” у беларускай агучцы пакажуць у менскім кінатэатры „Масква” 22-24 верасня, паведамілі БЕЛТА арганізатары праекта „Беларускія ўікэнды”.

„Форэст Гамп” – добры, смешны і сумны фільм – самая паспяховая работа знакамітага рэжысёра Роберта Земекіса. Стужка атрымала 36 розных узнагарод, у тым ліку 6 статуэтак „Оскар”. Гісторыя Форэста Гампа – гэта адначасова і гісторыя ўсяго амерыканскага грамадства другой паловы XX стагоддзя. Жыццё галоўнага героя, якое можна апісаць біблейскай фразай „будзьце як дзеці”, адкрывае нам нечаканую праўду пра саміх сябе. Нядзіўна, што сам фільм і яго персанажы сталі легендарнымі – як і знакамітае „Бяжы, Форэст, бяжы!».

Фільм „Форэст Гамп”, агучаны на беларускую мову лепшымі айчыннымі акцёрамі, – не першы праект ініцыятыўнай групы „Кінаконг”.

Мультфільм „Маленькі прынц” на беларускай мове нядаўна завяршыў падарожжа па абласных гарадах. Жыхары Менска, Гародні, Магілёва і Гомеля змаглі ўбачыць кінахіт на вялікім экране дзякуючы падтрымцы кампаній velcom і „Атлант Тэлеком”. Паказы сабралі больш за 4 тыс. гледачоў на 15 кінасеансах у чатырох гарадах Беларусі.