Фотападарожжа па Палессі



19 траўня 2021 года а 17-й гадзіне ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (22-гі паверх, пр. Незалежнасці, 116) адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі «Птушкі Палесся». Выстаўка дзейнічае ў межах праекта «Палессе – дзікая прырода без межаў», які працуе дзеля захавання дзікага асяроддзя аднаго з найвялікшых прыродных ландшафтаў Еўропы. Арганізатары экспазіцыі – Нацыянальная бібліятэка Беларусі, ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Беларускі клуб фатографаў дзікай прыроды.

Выстаўка «Птушкі Палесся» расказвае аб разнастайнасці і багацці беларускай прыроды. Галоўная мэта – прыцягнуць увагу да ўнікальных відаў птушак, нагадаць гледачу пра прыгажосць беларускага палескага ассяроддзя, звярнуць увагу да праблем экалагічнага стану, відавай разнастайнасці і зацікавіць сучасным экалагічным хобі – бёрдвотчынгам.

Экспазіцыя – своеасаблівае падарожжа па Палессі з фотаздымкамі-партрэтамі палескіх птушак і фотаздымкамі-асяродкамі іх існавання. Аўтары работ – вядомыя беларускія фатографы Мікалай Варабей, Андрэй Шэўчык, Павел Лычкоўскі, Уладзімір Пакалевіч, Віктар Казлоўскі, Арцём Турлай, Васіль Фядосенка і Сяргей Козак.

Убачыць чорнага бусла альбо барадатую кугакаўку, навучыцца адрозніваць як мага больш відаў птушак, ведаць іх звычкі і іншыя асаблівасці, палюбавацца ўнікальнай разнастайнасцю крылатых жыхароў Палесся – усё гэта можа зрабіць бёрдвотчар падчас наўмыснага падарожжа і наведвальнікі выстаўкі «Птушкі Палесся».

На адкрыццё ўваход вольны, у астатні час уваход складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.

Выстаўка будзе працаваць да канца чэрвеня.

Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.

Тэл. для даведак: (8017) 293 28 81

E-mail: [email protected]