Фотавыстава да дня нараджэння Аляксея Дуброўскага
Музей Беларускага Палесся запрашае аматараў мінуўшчыны і прыроды паглядзець на “краіну багнаў” вачыма эколага і краязнаўцы Аляксея Дуброўскага.
У Пінску працягваюцца мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя знаўца Палесся. У пятніцу, 7 лютага, ў музеі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фотавыставы Дуброўскага.
“Праз здымкі ён імкнуўся адкрыць і захаваць для беларусаў Беларусь”, – кажа сябра краязнаўцы, пісьменнік Павел Ляхновіч:
– Для наступных пакаленняў, якія прыйдуць нам на змену. Ён і фатаграфіяй займаўся, каб гэтую прыгажосць зафіксаваць і паказаць, бо ўсё знікае. Ён, як ніхто, умеў убачыць прыгажосць. Здаецца, ну што там, а павук павуцінне паміж кустамі наплёў. Знаходзіў час, калі ранічкай гэтае павуцінне было ўсё ўнізана кроплямі вады. Знаходзіў, каб так сонца свяціла, што яны ўспыхвалі, як каралі. Прыйдзіце на ягоныя выстаўкі, дзе вельмі цікавыя здымкі. Ён захоўваў для беларусаў Беларусь. Адкрываў яе і захоўваў.
Аляксей Дуброўскі, як эколаг, фатограф і краязнаўца Палесся вядомы далёка па-за межамі Беларусі. Ён адзін з першых асудзіў савецкую меліярацыю ў Беларусі, падняў праблему дачарнобыльскай радыяцыі на Палессі. Дуброўскага заўчасна ня стала ў снежні 2011 года.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pinsklib.by