Фотавыстава ў Менску раскажа пра гісторыю ветракоў



Фотавыстава „Забытыя асілкі зямлі беларускай”, на якой будуць паказаны ветракі, адкрыецца 14 сакавіка ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі.

Экспазіцыя падрыхтавана сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, галоўнымі экспанатамі якога з’яўляюцца помнікі народнага дойлідства XVIII – пачатку ХХ стагоддзя. На інтэрактыўнай выставе будуць прадстаўлены каля сарака фатаграфій, ункальных дакументаў і розных прадметаў.

„Рабочая група музея ў 1970-1980-я гады зрабіла некалькі экспедыцый па Беларусі, фіксуючы помнікі народнай архітэктуры. Яна сабрала багатую калекцыю негатываў, сярод якіх выдзяляюцца шматлікія здымкі ветраных млыноў з Клецкага, Нясвіжскага, Іванаўскага, Пружанскага, Свіслацкага, Мядзельскага, Хоцімскага, Касцюковіцкага, Хойніцкага і іншых раёнаў. На жаль, большасць з іх ужо не існуе, аднак тры аб’екты атрымалі другое жыццё ў музеі”, – расказалі ў бібліятэцы.

На выставе будуць паказаны рэдкія фотаматэрыялы, якія дэманструюць тэхнічны стан і захаванасць ветраных млыноў на момант фіксацыі. Упершыню будуць прадстаўлены і архіўныя дакументы: чарнавыя запісы членаў рабочай групы, чарцяжы-праекты аднаўлення ветракоў і фатаграфіі, дзе адлюстравана разборка і перавоз фрагментаў будынка.

„Адны з самых цікавых і незвычайных аб’ектаў для сучаснага наведвальніка музея народнай архітэктуры і побыту – ветракі. Яшчэ сто гадоў таму вясковы пейзаж было цяжка ўявіць без іх, пабудаваных на ўзгорках, дзе добра дзьмуў вецер, паасобку або па некалькі. Ветраныя млыны заўсёды былі добра бачныя здалёк, служылі своеасаблівымі арыенцірамі падарожніку, збіралі вакол сябе жыхароў суседніх вёсак. Сёння архітэктура ветракоў стала сапраўдным упрыгажэннем, жамчужынай музейнай вёскі. Таму наша экспазіцыя будзе цікавая ўсім, хто вывучае драўляную архітэктуру і этнаграфію Беларусі”, – адзначылі ў бібліятэцы.

Выстава „Забытыя асілкі зямлі беларускай” будзе працаваць па 2 жніўня.

belta.by