Фотавыставу пра Беларусь адкрылі ў Хайфе



У Цэнтры грамадскіх арганізацый „Бейт Амот” у Хайфе (Ізраіль) адкрылася міжнародная фотавыстава „Мы з Беларусі”, прысвечаная 100-годдзю беларускай дзяржаўнасці.

Экспазіцыя арганізавана членамі мясцовага фотаклуба „Цафон”. Па традыцыі яна праводзіцца пад эгідай Міністэрства аліі і інтэграцыі Ізраіля і мэрыі Хайфы пры падтрымцы пасольства Беларусі.

На вернісажы прадстаўлена 200 работ больш як 100 аўтараў – як жыхароў Беларусі, так і нараджэнцаў краіны, якія пражываюць у Ізраілі, Расеі, ЗША, Англіі, Германіі і Чэхіі. Большасць фотаздымкаў прысвечана беларускай прыродзе, яе памятным мясцінам, традыцыям і сучаснаму жыццю.

Частка экспазіцыі сфарміравана з фондаў пасольства і ўключае работы фотакарэспандэнтаў БЕЛТА, а таксама архіўныя матэрыялы беларускіх музеяў. Здымкі расказваюць аб станаўленні і развіцці беларускай дзяржаўнасці, беларуска-ізраільскіх сувязях, жыцці яўрэйскай абшчыны ў Беларусі. Асобны блок прысвечаны тэматыцы халакосту – гэта фотадакументы з лагера смерці „Трасцянец” і Менскага гета, а таксама фатаграфіі з мітынгу-рэквіема „Брама памяці” з нагоды адкрыцця мемарыяльнага комплексу „Трасцянец” у чэрвені 2018 года.

На адкрыцці выставы пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў акцэнтаваў увагу на адзначаемых у бягучым годзе 100-гадовых юбілеях утварэння БССР і беларускай дыпламатычнай службы. Ён падкрэсліў, што найважнейшай гістарычнай датай года з’яўляецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як заўважыў пасол, старт серыі мемарыяльных акцый года ў краіне быў дадзены мерапрыемствамі з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр халакосту.

Намеснік мэра Хайфы Лазар Каплун заявіў аб намеры прадоўжыць узаемадзеянне з беларускім бокам па розных напрамках, уключаючы абмен дэлегацыямі, правядзенне двухбаковых сумесных мерапрыемстваў і магчымае ўстанаўленне пабрацімскіх сувязей з адным з гарадоў Беларусі.

Адзін з арганізатараў выставы і кіраўнікоў фотаклуба „Цафон” Барыс Беленькі адзначыў усё больш моцныя дружалюбныя сувязі Беларусі і Ізраіля ў розных сферах, уключаючы культурна-гуманітарныя, якія ўяўляюць сабой вялікую каштоўнасць, збліжаюць краіны і народы.

Плануецца, што экспазіцыя „Мы з Беларусі” ў 2019 годзе будзе паказана ў Менску і Віцебску, а ў маі ў Хайфе публіцы прадставяць фотаработы віцебскіх аўтараў. Акрамя таго, у Хайфе плануюць арганізаваць выставу работ, прысвечаных тым месцам, адкуль родам аўтары і іх продкі, якія цяпер жывуць у Ізраілі.

Выстава „Мы з Беларусі” будзе адкрыта ў Хайфе да канца лютага, пасля чаго ў горадзе адбудзецца вернісаж работ „Свет вачыма жанчын”, прымеркаваны да 8 сакавіка. У ім традыцыйна прымаюць актыўны ўдзел і прадстаўніцы Беларусі.

belta.by