Франц Сіўко: Мая скразная тэма – пра карані



Традыйна ў сакавіку арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” называе свайго чарговага лаўрэата – сёлета ім стаў віцебскі празаік Франц Сіўко. Узнагароду пісьменніку прынёс леташні зборнік прозы “Плебейскія гульні”.

image description

У гутарцы з Алесем Аркушам Франц Сіўко паведаміў, што кніга аб’яднала досыць розныя тры аповесці.

Франц Сіўко: Новая кніга адрозніваецца ад ранейшых хіба што трошкі тэматычна.

РР: Але і ў новай кнізе вы працягваеце вашую асноўную тэму. А вашая тэма – гэта мястэчка, поўнач Беларусі і сённяшняя сітуацыя, калі мястэчка губляе свае карані. Пра гэта вашыя кнігі?

Франц Сіўко: Як раз новая кніга можа быць не зусім пра гэта. Тут трошкі іншае. Тут адна дэтэктыўная аповесць, можа паўдэтэктыўная. Другая апавесць звязана з сучаснасцю.

РР: Але я чытаў вашу аповесць “Цымант”. Дык вось, для мяне гэта абсалютна працяг вашых ранейшых кніг.

Франц Сіўко: Ну тады значыць у такім жа духу і “Цымант”, прыкладна ў такім жа духу “Дзве вясны дзяцей Прыяпа”, там, праўда, вёска, але там таксама пра карані, бо гэтая тэма ў мяне скразная. А ўжо трэці твор “Плебейскія гульні” – гэта ўжо цалкам сённяшні дзень. Гэта тыя гульні, у якія гуляюць дарослыя людзі, калі, напрыклад, слова не трымаюць, адным словам – гульні дарослых, вось так бы я сказаў.

РР: Калі я чытаў аповесць “Цымант”, дык увесь час лавіў сябе на думцы, што за гэтым ёсць нешта рэальнае, нейкая рэальная гісторыя. Ці ёсць такая гісторыя?

Франц Сіўко: Канешне, гэта ж гісторыя Міхасевіча. Я спецыяльна вывучаў літаратуру. Міхасевіч – гэта той забойца, які 36 жанчын задушыў. Ён мой зямляк, нарадзіўся ў Мёрскім раёне. Гэта шырока вядомая гісторыя. Аповесць „Цымант” – пра серыйнага забойцу, які пасля сябе пакінуў сваякоў – перадусім сям’ю, і гэтыя людзі павінны былі з такім таўром жыць далей.

РР: Вы хацелі вывучыць прыроду гэтага злачынства?

Франц Сіўко: Не, я хацеў паказаць адчуванні чалавека, блізкага сваяка, там жа галоўны герой брат злачынца, як ён жыў пасля ўсяго гэтага. І часткова, бо як абыйдзешся без прыроды, даводзіцца і гэтае пытанне закранаць.

РР: Сапраўды сваякі з гэтым цяжарам на душы ўсё жыццё далей жылі, з гэтай нібыта далучанасцю да жахлівых забойстваў. І думаю, гэта быў невыносны цяжар.

Франц Сіўко: Гэта як для каго. Я ўявіў сабе вось такога чалавека. Калі апісваць проста гэтыя злачынствы, якія забойца рабіў, то жыццё перасягае ўсялякую фантазію, настолькі там усё жорсткае. Я вырашыў гэта адсачыць і паказаць.

„Плебейскія гульні” — вынік літаратурнай працы Франца Сіўко напрацягу апошніх пяці гадоў. У новы зборнік празаіка ўвайшлі тры аповесці: “Дзве вясны дзяцей Прыяпа”, “Цымант”, “Плебейскія гульні”. Аповесць „Дзве вясны дзяцей Прыяпа” апублікаваная ўпершыню.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя