Францішак Багушэвіч на паштоўках



21 сакавіка споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта-дэмакрата, публіцыста, грамадскага дзеяча і народнага адваката, аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка). Францішка Багушэвіча і яго творчасць заўсёды любіў беларускі народ. Не так часта, але прыгадвалі пра Багушэвіча і адлюстроўвалі яго на беларускіх паштоўках.

Першая паштоўка з выяваю Францішка Багушэвіча была выпушчана ў Пецярбургу выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша ваконца» у 1906 годзе. На паштоўцы быў змешчаны партрэт Францішка Багушэвіча і тэкст: «Пранцишак Боhушэвич. Песняр Беларукси. Написау «Дудку Беларускую» пад прозвишчэм «Мацея Бурачка» и «Смык Беларуски» пад прозвишчэм Шымона Рэуки спад Барысава». Гэта самае выдавецтва ў 1906 годзе выпусціла яшчэ адну цікавую паштоўку з фотаздымкам парабковай дворнай хаты Лідскага павету Віленскай губерні і з радкамі з верша Мацея Бурачка «Не цурайся» лацінскай і кірыліцай:

А кінь вокам на хату маю: І цячэ, і гніе, і крывая. Усярэдзіне гной і стаіць на гнаю, І дзіўлюся я сам, як трывае?..

Беларускі драматург, публіцыст, тэатральны крытык і выдавец Францішак Аляхновіч (1883-1944) у Вільні ў 1917 ці ў 1918 годзе таксама згадаў Багушэвіча і выдаў за ўласныя сродкі паштоўку, яму прысвечаную. Пад партрэтам пісьменніка на паштоўцы змешчаны словы: «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі» (З прадмовы да «Дудкі»)». А ўнізе згадана, што паштоўку выпусціла «Выдавецтва Ф.Аляхновіча».

Скаўцкае выдавецтва «Крыніца» пасля Другой сусветнай вайны выпусціла ў Германіі паштоўку з выяваю Францішка Багушэвіча. Справа ў тым, што ў 1946-1947 гадах беларускі мастак Дзмітрый Чайкоўскі напісаў некалькі партрэтаў класікаў айчыннай літаратуры.У тым ліку і Францішка Багушэвіча. Гэты партрэт быў растыражаваны ў выглядзе паштовак і шырока распаўсюджаны ў эмігранцкім асяроддзі. З адваротнага боку паштоўкі на беларускай, ангельскай і нямецкай мовай напісаны тэкст: «Францішак Багушэвіч – вялікі беларускі паэта».

У 1948 годзе ў Германіі выйшла яшчэ адна паштоўка, дзе быў змешчаны і партрэт Францішка Багушэвіча. Гэта паштоўка называлася «Вялікія дзеячы беларускага Адраджэньня» з намаляванымі партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Францішка Багушэвіча, Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі» мастака Міколы Сільвановіча.

Набор паштовак выйшаў з друку ў 1963 годзе. Ён быў прысвечаны беларускім пісьменнікам. Была ў наборы і паштоўка, прысвечаная Францішку Багушэвічу. Аўтар паштоўкі І.Раманоўскі. Усяго выйшла з друку 6000 паштовак. Таварыства беларускай мовы таксама аднойчы згадала пра Францішка Багушэвіча. На прыгожай паштоўцы адлюстраваны партрэт Багушэвіча сярэдзіны 1890-х гадоў з фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. І вёска Свіраны, якую сфатаграфаваў некалі Уладзімір Содаль.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя