Францыск Скарына зноў «прыйшоў» у Беларусь
6 жніўня 2017 года споўніцца 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню. Менавіта да гэтай вялікай даты менскае выдавецтва «Беларусь» выпусціла ўнікальную і шыкоўную кнігу Анатоля Клышкі «Францыск Скарыны, альбо Як да нас прыйшла кніга». Гэта ўжо шостае выданне кнігі пра Скарыну Анатоля Клышкі. А першае пабачыла свет ажно ў 1983 годзе.
У далёкай Італіі, у адным з найстарэйшых у свеце Падуанскім універсітэце, ёсць знакамітая «Зала сарака», дзе вісяць партрэты слаўных з найслаўнейшых, хто вучыўся альбо вучыў тут. Сярод іх другі ад покуці, каля трыбункі-кафедры Галілея, – наш суайчыннік Францыск Скарына. Менавіта пра яго і ягоны час, а таксама пра тое, на чым пісалі нашы продкі, як ствараліся кнігі ў сярэднявеччы, як было вынайдзена кнігадрукаванне, цікава і зразумела распавядае Анатоль Клышка на старонках свайго выдання.
Кніга пра Францыска Скарыну вельмі прыгожа аздоблена фотаздымкамі Полацка, Кракава, Падуі, Прагі, Менска, Вільні, рэпрадукцыямі тытульных лістоў кніг першадрукара, пражскімі выданнямі Скарыны, фотаздымкамі экспанатаў Полацкага музея беларускага кнігадрукавання.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя