Фрэскі, знойдзеныя ў Віцебску, схаваюць пад столь
Фрэскі 18-га стагоддзя, якія адкрыліся падчас рамонту ў памяшканнях былога базыльянскага кляштара, не будуць дэманстравацца ў якасці турыстычнага аб’екту.
Іх увогуле схаваюць ад гледачоў пад навясную столь, паведаміў атэставаны спецыяліст міністэрства культуры Яўген Калбовіч. Менавіта ён у 2017 годзе першым паведаміў у сацыяльных сетках пра гэтую незвычайную знаходку.
– Мастакі-рэстаўратары прыехалі, зрабілі зандажы, і яны пацвердзілі: насамрэч знойдзены фрэскі канца 18 стагоддзя. І былі замоўлены вялікія даследванні па ўсім кляштары. Зрабілі шалёную працу: зандажы па ўсіх пакоях. Я марыў, што па ўсім кляштары знойдуць роспісы. Але, на жаль, нічога больш не было адкрыта. Але там будзе зроблена тэхнічнае памяшканне, роспісы будуць падшытыя пад столь. Як я для сябе вырашыў, лёс гэтых фрэсак пастаўлены на паўзу.
Верагодна, большая частка фрэсак не захавалася да нашага часу, бо рэстаўрацыя базыльянскага кляштара не ўваходзіла ў планы кіраўніцтва горада. У 2010 годзе быў адноўлены толькі галоўны храм – Успенскі сабор, зруйнаваны ў часы ваяўнічага атэізму.
Дый і тое не ў арыгінальным варыянце, а з улікам пажаданняў Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы, кажа адзін са стваральнікаў праекту рэстаўрацыі Аляксандр Міхайлюкоў.
– Замова на рэстаўрацыю прыйшла супольная – ад дзяржавы і праваслаўнай царквы. Сабор быў пабудаваны як барочны – позняе барока. Ён быў унікальны. Але нам навязвалі пераробку сабора, які ўзвёў знакаміты Іосіф Фантана: перавага аддавалася варыянту з купалам. Вядома ж, зацікаўленасць замоўнікаў. Зніклі барочныя франтоны, стромкі дах быў заменены на больш просты. І гэта, мякка кажучы, крыўдна.
Спадар Міхайлюкоў лічыць, што каля адбудаванага сабора варта паставіць хаця б макет кляштара ў першапачатковым выглядзе. Але аднавіць інтэр’еры кляштарных памяшканняў, знішчаныя шматлікімі перабудовамі і рамонтамі, ужо амаль немагчыма.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск