Ганна Пякарская: Мы дзеці арганізатараў першага “Басовішча”
Гадзіны адлічваюцца да пачатку юбілейнага, 25-га Фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча – 2014”. Доўгі час трымалася ў сакрэце ўся праграма, але вось маем магчымасць ужо даведацца пра апошнія падрабязнасці. Што чакае нас на сёлетнем юбілейным “Басовішчы”? Госць у нашай студыі Ганна Пякарская з Беларускага Аб’яднання Студэнтаў.
RR: Перадусім бачым гэтую афішу: якія гурты выступаюць – тут і вядомыя беларускія гурты, тут ёсць і польскі вядомы гурт, ёсць і запланаваны ўкраінскі гурт. Якая была ідэя запрашэння гэтых усіх гуртоў?
Ганна Пякарская: Перадусім назва фетывалю – Фестываль музыкі маладой Беларусі. Мы думаем: што нам, як маладым беларусам будзе падабацца і чаго мы хочам паслухаць. І, думаючы пра гурты, узялі “Троіцу”, якая здаўна госць фестывалю “Басовішча”. Узялі “Краму”, як адзіны гурт, які граў на першым “Басовішчы” і будзе граць на 25-ым “Басовішчы” . Узялі “Зніч”, які вядомы і ў Польшчы і ў Беларусі. “Рута” – перадусім таму, што нам вельмі падабаўся канцэрт, які яны далі. А таксама ведаем, што для іх выступ на Фестывалі “Басовішча” вельмі важны, таму будзе добра іх пабачыць на гэтым юбілейным Фестывалі.
RR: Звычайна была праблема з пошукамі гуртоў… Ці спадзяецеся, што ўсе запрошаныя гурты даедуць?
Ганна Пякарская: Спадзяемся, што так. Сёння атрымалі інфармацыю, што апошні гурт сёння быў у пасольстве, аддаў дакументы заўтра яны забіраюць пашпарты з візамі. Так што спадзяемся, што ўсе пабачымся ў Гарадку
RR: “Басовішча” – гэта такая вольная прастора, вольная пляцоўка, дзе акрамя асноўнай сцэны ёсць месца “хэпінігам”, імпрэзам, якія спадарожнічаюць фестывалю музычнаму. Што вы думаеце ў гэтым плане зрабіць?
Ганна Пякарская: Ужо амаль традыцыйна будуць фільмы з фільматэкі “Падляшша атакуе”. Думаем паказаць усе плакаты, якія былі зробленыя праз апошнія 25 гадоў, яны мусяць паказаць, як хутка плыве час, а можа і не хутка – цяжка сказаць. Але для нас было вельмі важна паказаць, што ўсе гэтыя плакаты, якія былі 10-15 гадоў таму назад, амаль нічым не розняцца па тым, што людзям падабаецца.
RR: Сярод цяперашніх арганізатараў большасць валанцёраў – гэта людзі, якія ўжо нарадзіліся, калі фестываль першы прайшоў альбо былі маленькімі дзецьмі… Ці карысталіся яны падказкамі старэйшых арганізатараў?
Ганна Пякарская: Многія з арганізатараў, з валанцёраў – гэта дзеці тых людзей, якія арганізавалі першае “Басовішча” мы хацелі паказаць на гэтым 25-ым фестывалі, што мы ведаем, як многа памянялася, з тых першых “Басовішчаў”. Першыя фестывалі рабіліся для людзей з Падляшша, для сваіх сяброў беларусаў. Цяпер гэта найвялікшц і найстарэйшы фестываль на Падляшшы.
RR: Упершыню на фестывалі выступяць дзеці маленькія – вучні пачатковай школы №4 у Беластоку, якія разам з беларускімі музыкамі будуць выконваць песні, якія гучалі цягам “Басовішчаў” гэтыя 25 гадоў.
Ганна Пякарская: Нічога больш не магу сказаць пра гэты выступ – Вы сказалі ўсё, што трэба… Дзеці будуць спяваць усе тыя песні, якія былі амаль гімнам фестывалю. Вельмі варта пабачыць гэты канцэрт, каб пабачыць Лявона Вольскага, які спявае песні N.R.M і “Мроі”, што цяпер цяжка вельмі пачуць.
RR: Так, сапраўды ёсць магчымасць зазірнуць у гісторыю беларусай рок-музыкі, можна паглядзець і на маладыя каманды, якія нядаўна з’явіліся на беларускамоўнай сцэне. Усё гэта можна будзе зрабіць цягам бліжэйшай пятніцы і суботы.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя