Галіна Сташкевіч: Літаратару цяжка заставацца сам-насам
Літаратура – гэта не толькі пісьменнікі, творы, кнігі, але і літаратурныя суполкі. На Полаччыне па-ранейшаму існуюць літаб’яднанні. Праўда, самага славутага -„Крыніцы” даўно няма. Сёння найбольш вядомае ў Наваполацку – літаратурна-мастацкае аб’яднанне „Крылы”, якое паўстала пры гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна. Алесь Аркуш пагутарыў з кіраўніцай суполкі Галінай Сташкевіч.
Галіна Сташкевіч: Гэта была прыватная мая ініцыятыва. Я, як бібліятэкар, праводзіла шмат мерапрыемстваў і сустрэч, звязаных з літаратурамі. Надыйшоў такі час, калі “Крыніцы” распаліся. І здарылася так, што ў горадзе паўстаў адмысловы вакуум – не было куды падацца літаратарам. Калі я іх запрашала, яны казалі: як дрэнна, што няма дзе сабрацца. І атрымалася так, я думаю, што гэта было лёсам наканавана, – я ім прапанавала збірацца пры бібліятэцы. Першае паседжанне адбылося 12 красавіка 2002 года. Тады ў нас было ўсяго 7 чалавек. Зараз 31 чалавек. Але былі такія часы, калі было больш за 60. З часам некаторыя нашыя сябры перайшлі ў іншыя літаб’яднанні. Я лічу, што трэба быць удзельнікам аданаго калектыву, а не прадстаўляць некалькі, у кожным шукаць нейкую сваю выгоду. Таму ў нас засталіся толькі верныя прыхільнікі „Крылаў”.
РР: Што гэта былі за людзі? Былыя “крынічане”? Або з нейкіх іншых літаратурных асяродкаў?
Галіна Сташкевіч: Напачатку я думала, што гэта будзе такая невялічкая суполка і што мы будзем сустракацца сваім колам літаратараў Наваполацка. Але пайшлі да нас і палачане. Можа пашанцавала нам тым, што я, як супрацоўнік бібліятэчнай сістэмы, мела пляцоўку – бібліятэчную чытальную залу. І бібліятэка знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Шмат тут адбывалася мерапрыемстваў – не трэба было шукаць залу, і гледачы нашы пайшлі да нас.
РР: Я бачыў на вашых афішах, што ў вас адбываюцца не толькі літаратурныя імпрэзы, але і песенна-музычныя – выступаюць барды і розныя музыкі.
Галіна Сташкевіч: Так. Бо мы складаемся з двух частак. І ў нас так атрымалася, што паэзія плаўна перайшла ў бардаўскую песню, у сааўтарства. Ёсць паэт, які напісаў верш, а ён даспадабы музыку, і гэты музыка, як напрыклад, Людміла Мяхедка, Сяргей Захараў, Сяргей Гоманаў, Міхаіл Зудзілаў – яны могуць уступіць у сааўтарства з паэтамі, напісаць песню, ды і самі многія з іх паэты.
РР: На Полаччыне ёсць добрая традыцыя, што літаратурныя аб’яднанні яшчэ займаюцца і выдавецкай справай. Вось нядаўна полацкае літаб’яднанне “Наддзвінне” выдала чарговы нумар свайго альманаху. А ці атрымлівалася ў “Крылаў” штосьці выдаваць?
Галіна Сташкевіч: Не тое, што атрымлівалася, але атрымалася і атрымалася добра. У нас ёсць паэтычная серыя “Бібліятэчка”Крылаў”, у якой прадстаўлены ўжо шэраг нашых пісьменнікаў. Але, на жаль, гэта робіцца за свае грошы. Не кожны мае магчымасць. Ёсць таксама і калектыўны зборнік. Ёсць невялікія буклеты.
РР: А ў самой тэхнічна-выдавецкай справе вам хтосьці дапамагае? Увогуле, як гэта адбываецца – выдаць кнігу?
Галіна Сташкевіч: Як адбываецца? Можа зашмат і на мае плечы кладзецца. Таму што бывае з бібліятэкі выходзіш у 10 гадзінаў вечара, а яшчэ я з’яўляюся адміністратарам дзвух інтэрнэт-старонак. І гэтую серыю “Паэтычная бібліятэчка “Крылаў” я пачала рабіць сама. Выйшлі кнігі Людмілы Мяхедкі, Ганны Аляскеравай, Ніны Дзянісавай, Венядзікта Грынёва… Выйшла таксама кніга вершай Аляксандра Шыпілы, які заўчасна пайшоў з жыцця. І як сказала былая яго жонка Людміла Мяхедка: Галіна, каб не вы, дык і кніжкі гэтай не было б.
РР: У вашым літаратурна-музычным аб’яднанні было некалькі сталых пісьменнікаў, якія нядаўна пайшлі з жыцця. Напэўна ў вас ёсць такое пачуццё: захаваць памяць пра іх. Вось, напрыклад, выдаецца пасмяротныя кнігі.
Галіна Сташкевіч: Хачу сказаць, што кнігі Юрася Касцюка былі не пасмяротныя. Ён і казаў, што яго трымае пры жыцці жаданне дачакацца сваіх кніг. Для яго гэта было вельмі важна. Ён разумеў, што для яго, як для літаратара, журналіста, гэта вынік жыцця. У нас пайшоў з жыцця таксама і Міхаіл Блізнец. Яго вершы мы выставілі на нашай інтэрнэт-старонцы. І кніжку яму зрабілі самвыдатам. І вечарыну памяці правялі. Калі мы ездзем на могілкі, то кажам, што гэта ўжо літаратурныя могілкі. На адных могілках “Глінішчы” пахаваны Аляксандр Шыпіла, затым ідзем далей – Старынскі, Касцюк, Блізнец… Мы і Змітрака Куніцкага праводзілі ў апошні шлях. І памяць пра іх будзем захоўваць надалей.
Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.