Галоўны чэкіст СССР: трэба нанесці сакрушальны ўдар па падполлю



Напрыканцы студзеня 1953 года кіраўнік Міністэрства дзяржаўнай бяспекі СССР Сямён Ігнацьеў падпісаў загад аб мерах па ліквідацыі нацыяналістычнага падполля і яго ўзброеных груповак у заходніх абласцях Украіны, Беларусі і прыбалтыйскіх рэспубліках. На ўсё пра ўсё адводзілася тры месяцы.

Канчаткова разабрацца з антысавецкім рухам планавалася з лютага па красавік 1953 года. У МДБ, што датычна тэрыторый БССР, самымі складанымі лічыліся тагачасныя Берасцейская, Гарадзенская і Пінская вобласці. Тут актыўнасць узброенага падполля не згасала з ліпеня 1944 года, канечне, маштабы ўжо былі іншыя, але барацьба працягвалася. Пераважна дзейнічалі атрады Арміі Краёвай і Акранізацыі украінскіх нацыяналістаў, меліся і асобныя групы, якія не належылі да будзь-якой структуры.

Што датычна колькасці, то лічбы сустракаюцца розныя. У 1952 годзе дзяржбяспека Савецкай Беларусі паведамляла пра тры дзесяткі ўзброеных фармаванняў на тэрыторыі рэспублікі. У сваю чаргу гэтыя групы мелі абсалютна розную колькасць. Так у Іванаўскім раёне Пінскай вобласці дзейнічаў атрад АУН “Сікоры” пад началам некага Івана Панька, ён складаўся з 18 чалавек. Сітуацыю ў Маскве лічылі непрымальнай і намагаліся хутчэй паставіць кропку ў гэтым пытанні, якое вельмі расцягнулася. Яшчэ ўвосень 1944 года Лаўрэнцій Берыя запэўніваў Іосіфа Сталіна, што з антысавецкім супрацівам на заходніх тэрыторыях СССР будзе пакончана цягам года.

У сваім загадзе Сямён Ігнацьеў адзначыў некалькі момантаў на якія трэба зрабіць ухіл, каб нанесці сакрушальны ўдар па “ворагам савецкага народа”. Што ж мелася на ўвазе?

Перадусім у рэгіёны, дзе актыўнічала антысавецкая партызанка накіроўваліся дадатковыя сілы чэкістаў. Такія ўзмацненні былі традыцыйнымі напрацягу ўсёй барацьбы з падполлем. Як мінімум два разы на год, ад моманту заняцця Чырвонай Арміяй беларускіх земляў, адбывалася папаўненне чэкістаў, міліцыянтаў і пры неабходнасці вайскоўцаў.

Ігнацьеў запатрабаваў ад падначаленых “арганізаваць чэкісцкую працу не толькі супраць банд у цэлым, але і супраць кожнага бандыта паасобку. Адначасова замацаваць аператыўных работнікаў за кожным бандытам-адзіночкай, які знаходзіцца ў вышуку. Аператыўным работнікам, адказным за вышук і ліквідацыю бандытаў, лічыць, што гэтая праца з’яўляецца іх найважнейшым партыйным і чэкісцкім абавязкам”.

У аперацыі па ліквідацыі ўзброеных атрадаў і пошуку ўдзельнікаў супраціву абавязкова далучалі органы міліцыі, знішчальныя батальёны і групы аховы грамадскага парадку. Міліцыянтам у гарадах і вёсках загадалі ўзмацніць пашпартны рэжым. Ад памежнікаў міністар дзяржбяспекі запатрабаваў распрацаваць і ажыццявіць спецыяльныя мерапрыемствы па знішэнню антысавецкіх груп у памежных раёнах. Усіх удзельнікаў, якія добра праявяць сябе ў аперацыях, загадвалася прэміраваць грашовай узнагародай і каштоўнымі падарункамі.

Каб перадухіліць акцыі падполля на чыгуначным транспарце галоўны чэкіст СССР звярнуў увагу на неабходнасць павялічыць ахову на Латвійскай, Літоўскай, Эстонскай, Львоўскай, Ковельскай, Вінніцкай, Паўднёва-Заходняй, Менскай чыгунцы.

Асобна было выдзелена патрабаванне да начальнікаў раённых аддзяленняў МДБ недапусціць спробаў з боку ўдзельнікаў нацыяналістычнага падполля перашкодзіць нармальнаму правядзенню кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Як правіла кожная выбарчая кампанія суправаджалася актыўнай антысавецкай агітацыяй. Напрыклад, 21 студзеня 1947 года на чыгуначнай станцыі “Жабінка” невядомыя распаўсюдзілі ўлётку з адозвай да чырвонаармейцаў ужо па выніках выбараў у Вярхоўны Савет. У ёй падпольшчыкі заклікалі жаўнераў не быць цацкай у руках забойца народаў Сталіна і вынішчаць чэкістаў.

(…) Чырвонаармейцы! Вы бачыце актыўны супраціў мас супраць сталінскага рэжыму падчас выбараў у Вярхоўны Савет 10.11.46 года. Акрамя тэрору, акрамя узмоцненай дзейнасці НКУС-НКДБ, акрамя арыштаў, высылак, расстрэлаў, акрамя таго, што ўсе вёскі і гарады былі абкладзены часткамі Чырвонай Арміі і НКУС – народ не ішоў на выбары і стойка запратэставаў супраць сталінскага рэжыму. Гэта доказ узрастання рэвалюцыі, доказ яе сілы. У многіх выпадках гэта доказ і супрацоўніцтва народа і Чырвонай Арміі ў барацьбе супраць Сталіна. Тое сяброўства усіх антысталінскіх сілаў трэба ўмацоўваць і ўзмацняць да новай перамогі. Сталін кінуў Вас на крывавую барацьбу з фашызмам, сёння высылае Вас на барацьбу супраць народа і рэвалюцыі, а ў бліжэйшы час пашле Вас на новую вайну, заняволенне новых дзяржаў і народаў… Час падумаць пра свой лёс, пра сапраўднае вольнаае жыццё…

У інфармацыйным паведамленні МУС БССР у красавіку 1953 года адзначалася, што антысавецкія арганізацыі ліквідаваныя ў Гарадзенскай, Баранавіцкай і Пінскай вобласці. У апошняй чэкісты выявілі дзве групы АУН, якія дзейнічалі на Піншчыне з 1946-1947 гадоў.

Нядаўнія матэрыялы па антысавецкаму руху на Палессі: Паляванне чэкістаў на палескага „Ваўка”, Адмовіліся падпісаць падзяку Сталіну і не толькі…, Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!, Красавік 1945 года: „Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі”, Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў, Чэкісты п’юць, а падполле актыўна дзейнічае.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя