Гальяш Леўчык быў не толькі паэтам, але і фатографам



Беларускі паэт, мастак, музыкант і грамадскі дзеяч Гальяш Леўчык (1880-1944) не толькі займаўся творчасцю, але ў вольны час фатаграфаваў родны Слонім і ваколіцы. Засталіся яго фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя. Пра гэта чытачы даведаюцца, калі прачытаюць другі сёлетні нумар краязнаўча-электроннага выдання “Слонімскі край”.

 Свежы нумар па-ранейшаму багаты на розныя публікацыі і рэдкія здымкі. Сяргей Чыгрын напісаў матэрыял пра лёс Леснічоўкі, якая знаходзіцца сёння на мяжы Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў. Усё жыццё адпрацаваў там у лясной бальніцы доктар Уладзімір Сасноўскі, які лячыў людзей са свайго і суседніх раёнаў. Бальніцы і доктара Сасноўскага даўно ўжо няма, але старэйшыя людзі са Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў памятаюць пра іх.  Збераглося і шмат рэдкіх фотаздымкаў, якія публікуе “Слонімскі край”.

Сяргей Ёрш робіць агляд дзвюх новых кніг – гэта кніга Уладзіміра Ліхадзедава “Слонім. Падарожжа ў часе” і Івана Бедкі “Дэмакратычны рух на Слонімшчыне: 1989-2019”.

Прачытаюць чытачы і працяг артыкулаў пра вёску Вішава і ваколіцы Святланы Брайчук, пра Атамана Грача ў засені “Зялёнага дуба” Ніны Стужынскай, пра рэвалюцыйны Слонім А. Левандоўскага і шэраг іншых матэрыялаў.

Ранейшыя і свежы нумары “Слонімскага краю” чытайце тут:

http://kamunikat.org/usie_czasopisy.html?pubid=52956

Беларуская Радыё Рацыя