Ганна Кандрацюк прэзентавала сваю кнігу ў Варшаве



Па Прыпяці па Нобель”. У варшаўскім “Беларускім Доме” прэзентавалі кнігу журналісткі тыднёвіка “Ніва” Ганны Кандрацюк. Выданне падкрэслівае бязмежнасць Палесся як рэгіёна – у кнігу ўкладзены збор рэпартажаў як з беларускага, гэтак і з украінскага боку мяжы.

Ганна Кандрацюк тлумачыць, што назва кнігі паходзіць ад вёскі Нобель, дзе нарадзіўся славуты беларускі літаратар Сяргей Грахоўскі. Цяпер паселішча засталося на ўкраінскім баку мяжы.

На Палессі ёсць усё, што і ва ўсім свеце. Там усё можна знайсці. І нават у гэтым жа Нобелі, адкуль родам Сяргей Грахоўскі, таксама ладзяць свой фестываль Нобеля. Ён у такім вельмі палескім духу, вельмі гумарыстычны.

Апроч зацікаўленых жыхароў Варшавы, на прэзентацыю прыйшло 20 студэнтаў з Беларусі, што прыехалі ў Польшчу на запрашэнне «Беларускага Дома».

Анатоль:

– Я студэнт першага курса Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У мяне ёсць родзічы з Бярозы, Пінска. Шмат родзічаў з Палесся. І ўражанні ад гэтай прэзентацыі вельмі прыемныя.

Ульяна:

– Я вучуся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на другім курсе. Я з Палесся, з Мазыршчыны, таму гэта вельмі блізкае мне. Мне вельмі спадабалася Ганна. І я лічу, што гэтая кніга павінна быць вельмі душэўнай.

Сустрэчу з аўтаркай у Варшаве вёў кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, які і рэдагаваў выданне.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара