Ганна Кандрацюк сустрэлася з чытачамі ў беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры



Публіцыстка і аўтарка кніг Ганна Кандрацюк правяла сустрэчу ў беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры.

Падчас прэзентацыі пісьменніца распавяла пра кнігу «У прысценку старога лесу», якая трапіла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі Ежы Гедройца. Кніга прысвечана жыхарам Белавежскай пушчы, чые жыцці змяніліся пасля з’яўлення дзяржаўных межаў.

Я пішу пра такі закутак Белавежскай пушчы. З аднаго боку гэта Камянеччына, з беларускага боку, а з нашага боку — гэта Гайнаўшчына. Жыхары пушчы маюць свой асобны космас. Тут прынцыпы існавання дыктавала прырода. Увесь час трэба было змагацца, навучыцца жыць разам з прыродай. І думаю, што гэта такая двухбаковая інспірацыя.

Вёў сустрэчу Мікола Ваўранюк. З адмысловым вершам, напісаным у гонар пісьменніцы, выступіў Уладзімір Някляеў.

ХРАМ ГАННЫ

Ганне Кандрацюк-Свярубскай

Звалі Ганнай першую зіму,

У якой спазнаў я жарсці цела,

Пра якую распавёў нясмела

Толькі Богу. Аднаму Яму.

Разам з Богам споведзь слухаў снег,

Што злятаў на горад зледзянелы,

На царкву – і першародны грэх

Чысты быў, як снег той белы-белы.

З абраза на храмавай сцяне

Бог глядзеў. І позірк быў туманны.

І ці выпадкова – або не –

Храм той называўся храмам Ганны.

Я маліўся ў ім у першы раз,

У святаю Ганну закаханы.

Побач з Богам быў яе абраз

Тысячамі губ зацалаваны.

І я думаў: «Вось яна, любоў.

Мне такая, пэўна, не па сілах».

А над храмам з глыбіні вякоў

Плыў і плыў калядны спеў званоў

І гукаўся недзе ў небасхілах.

Я маліўся: «Хай любоў жыве!

Я памру, калі яе не стане!..»

І была Ўсяночная ў царкве,

І ўва мне Ўсяночная, і ў Ганне.

З той пары прайшло нямала зім.

Я забыўся, колькі раз кахаўся…

Але толькі ў храме тым святым,

Толькі перад ёй, больш ні прад кім

І маліўся я, і спавядаўся.

Уладзімір Някляеў

Раней прэзентацыі прайшлі ў Студзіводах, Дубічах Царкоўных і Варшаве.

Беларускае Радыё Рацыя