Ганна Комар: Я амаль не пішу апошнія паўтара года
У мінулую нядзелю завяршылася заключная сесія фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova, якая праходзіла ў Беластоку. Сярод гасцей фестывалю была маладая беларуская паэтка з Лондану Ганна Комар.
З ёй паразмаўляў Алесь Аркуш.
РР: Ці складана быць беларускай паэткай за мяжой?
– Ну паэткай не, не складана, я б сказала. Мне проста, напэўна, шанцуе на людзей і супольнасць, куды я трапляю. З павагай ставяцца да майго досведу, як актывісткі, так і паэткі. Запрашаюць удзельнічаць, даюць платформу, дзе я праз вершы магла б гаварыць пра Беларусь. Я адчуваю інтарэс, зноў жа можа быць мне проста шанцуе на людзей. Я адчуваю гэтую павагу, інтарэс і жаданне дапамагчы.
РР: Вашыя апошнія кнігі выйшлі за мяжой. Як яны трапляюць да чытача?
– Калі я жыла ў Беларусі, то нейкую аўдыторыю сабе стварыла, нарасціла, то бок людзі ўжо мяне ведалі. Хто сочыць, я пастаянна расказваю, што выходзіць, некаторыя так даведваюцца. Дапамагаюць, калі бяруць інтэрв’ю нашыя незалежныя медыя. Я засвойваю сучасныя тэхналогіі, завяла сабе Tik-Tok. Зразумела, я вельмі сумавала па сваёй аўдыторыі. Я губляю яе, я губляю яе ў Беларусі, людзі не будуць ведаць пра мяне. Я проста вырашыла ісці туды, дзе людзі, не цурацца сацыяльных сетак, ісці і там расказваць і паказваць, спадзяючыся, што каму трэба, той знойдзе і ўбачыць.
РР: Што беларускага ёсць у Лондане, акрамя Скарынаўскай бібліятэкі?
– Так, Скарынаўская бібліятэка і музей, царква, Беларускі дом, якім апякуецца Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі. Палітычнае жыццё ў нас даволі актыўнае я б сказала. Ёсць Народная Амбасада Беларусі ў Брытаніі. Ладзяцца акцыі, ідзе лабіяванне беларускай павесткі, акцыі, дэманстрацыі, збіраецца дапамога палітвязням і рэпрэсаваным. Розныя імпрэзы, найчасцей са Скарынаўкай, літаратураныя, гістарычныя і г.д.
Ганна Комар закончыла магістратуру Уэстмінстэрскага ўніверсітэта ў Лондане. Цяпер вучыцца ў аспірантуры Брайтанскага Універсітэта.
Сябра рэдкалегіі беларускага брытанскага выдавецтва Skaryna Press.
Беларускае Радыё Рацыя