Ганна Комінч: З любой кропкі планеты дзіця можа ўдзельнічаць у гэтым марафоне
Збірае неардынарныя, вострыя і займальныя кнігі, якія захапляюць сутнасць дзяцінства і напал юнацкасці. Гэтым амаль 10 гадоў займаецца праект “Ліхтар”. Усё дзеля прапангандавання дзіцячай і моладзевай літаратуры на беларускай мове. 10-га красавіка стартаваў марафон “Ліхтара” па чытанні дзіцячай літаратуры на беларускай мове.
У чым сутнасць праекту? Пра беларускамоўную дзіцячую літаратуру ды пра навучанне беларускай мове ў Падляшскіх школах Ганна Шайкоўская размаўляе з сённяшняй Госцяй Рацыі – Ганнай Комінч, настаўніцай беларускай мовы ў пачатковай школе ў Міхалове, якая на валанцёрскай аснове далучылася да марафону “Ліхтара”.
РР: Марафон па чытанні дзіцячых кніжак на беларускай мове, які ўжо некалькі гадоў ладзіць праект “Ліхтар”. Распавядзі, што гэта за праект?
Ганна Комінч: Гэта праект, які нарадзіўся ў Беларусі. Ён існуе ўжо 10 гадоў і яго дзейнасць заключаецца перш за ўсё ў тым, што ён ладзіць кніжныя фестывалі дзіцячай кнігі і ён ладзіць яшчэ таксама марафоны. І на сваёй інтэрнэт-старонцы людзі, дзякуючы якім гэты праект паўстаў і існуе, збіраюць усялякага роду метадычную дапамогу для настаўнікаў, бацькоў. І гэта ўсе таксама матэрыялы на беларускай мове, якія можна выкарыстаць альбо дома, альбо ў школе.
Што мяне зацікавіла? Тое, што праект “Ліхтар” звяртае нашу ўвагу на новыя сучасныя кніжкі. Гэта кніжкі, з большасцю якіх я пазнаёмілася менавіта з гэтага праекта. Для маленькіх зусім чытачоў вельмі зразумелай мовай, сабраныя кніжкі тут, якія будуць цікавыя, безумоўна, гэтым самым маленькім чытачам.
Ёсць і прызнаныя класікі, напрыклад, там ёсць у перакладзе кніжка Астрыд Ліндгрын “Роня – дачка разбойніка”, ёсць, як я ўжо ўспамінала, невядомыя, але гэта заўсёды кніжкі па-беларуску і перадусім кніжкі, якія перакладаюцца з іншых моваў.
І гэты праект таксама шукае людзей, якія хацелі б з ім супрацоўнічаць, а менавіта шукае перакладчыкаў некаторых кніг, шукае фатографаў, шукае мастака, які ім зрабіў бы новы лагатып. І шукае таксама настаўнікаў і ўсіх асобаў, якія цікавяцца беларускай мовай. І ад гэтых якраз асобаў чакаецца метадычная дапамога. І вось менавіта гэтым я і займалася. Мне проста далі дзіцячую кніжку, якую трэба было прачытаць і да гэтай кніжкі трэба было прыдумаць пытанні, якія былі б цікавыя дзецям дзеля таго, каб, напрыклад, нават бацькі, чытаючы дома з малым гэтую кніжку, маглі яе потым абмеркаваць. Так што пытанні – гэта мінімум, а максімум можна яшчэ прыдумаць творчае заданне, напрыклад, я прыдумала, што дзеці могуць зрабіць новыя пацеркі для настаўніка, бо ў кніжцы якраз ён губляе свае пацеркі. І каб гэтыя пацеркі ўжо не губляліся і не біліся, то яны могуць падумаць, з якога матэрыялу гэтыя пацеркі зрабіць.
РР: Праект “Ліхтар” дзейнічае ўжо некалькі гадоў, раней гэта былі стацыянарныя сустрэчы, зараз сітуацыя памянялася. Праект ладзіць гэта ўжо ў новым фармаце.
Ганна Комінч: Так, таму што, па-першае, беларускамоўныя і тыя, хто ўвогуле цікавіцца беларускай дзіцячай кніжкай, раскіданыя зараз па ўсім свеце. Так што тут не толькі кавід вінаваты. Але, як і раней было, будуць сустрэчы стацыянарныя пасля гэтага марафону. Яны будуць у Менску, але для ўсіх, хто не можа прыехаць на гэтыя сустрэчы, будзе іншы фармат. Прынамсі, з любой кропкі нашай планеты дзіця можа ўзяць удзел у гэтым марафоне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Ганна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток