Ганна Лазар: Адрозненне ўкраінцаў ад беларусаў у тым, што яны адчулі магчымасць уплыву на палітыку
У беластоцкай галерэыі «Арсенал» працягвае працу выстава сучасных беларускіх мастакоў «Калі сонца нізка – цені доўгія». Гэта выстава павяртала актуальнасць дыскурсу беларускай павесткі на фоне вайны ва Украіне, у тым ліку з-за публічнага абмеркавання становішча мастачак з Беларусі і Украіны, якое транслявалася праз Інтэрнэт на неабмежаваную аўдыторыю.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцяй Рацыі» – мадэратаркай беларуска-ўкраінскай сустрэчы мастачак і куратаркай Музея мастацтва з Лодзі Ганнай Лазар пра тое, якое яно сучаснае беларускае мастацтва і як у ім выражаецца пратэст, у чым каардынальнае адрозненне Украіны ад Беларусі, ці ўдзельнічае Польшча ў ратававанні мастацкіх каштоўнасцяў з Украіны і наколькі патрэбная дзяржаўная падтрымка для культуры.
РР: Вось зараз палітолагі кажуць, калі Расея, то гэта маналог, калі Україна, то гэта дыскусія, а калі Беларусь, то гэта маўчанне. Ці бачна гэта ў мастацтве і як выражаецца беларускі пратэст, у чым ён?
Ганна Лазар: Я не думаю, што Беларусь маўклівая краіна, яна пакінула шмат багатай культуры, і гэтая культура прэзентаваная ў Польшчы. Зараз ідзе хваля выданняў беларускіх паэтаў, я сама пераклала з беларускай мовы, якую чытаю і разумею, але не ўмею размаўляць, цудоўны верш Юліі Цімафеевай “Камень страху”, дзе яна кажа пра набыццё траўмы, “камень страху” атрымліваюць мастакі і мастачкі. Кажуць пра свой досвед жыцця ў Беларусі.
Але ў мяне асабіста такія ўражанні, што Беларусь – гэта краіна, якая не можа быць апісаная метафарай браку, ці адсутнасці, ці чагосьці не існуючага. На маю думку, Беларусь мае свой наратыў, але гэты наратыў не пачуты. І мы можам яго пачуць, калі будзем бліжэй цікавіцца гэтай культурай.
РР: Калі пра наратывы. Кажуць, што ў Беларусі афіцыйны наратыў – гэта наратыў страху, Лукашэнка будаваў на гэтым сваю дзяржаву. Ва Украіне гэта быў усё ж такі наратыў надзеі, таму там прэзідэнты мяняліся часцей. Па вашых назіраннях, як гэта адбілася на мастацтве? І ці ёсць такая мяжа паміж сучасным украінскім і беларускім мастацтвам і ў чым яна?
Ганна Лазар: Гэта вельмі цікавае пытанне, таму што ва Украіне існуе бачны пратэст. Кожныя дзесяць гадоў людзі выходзяць на майдан, раней таксама была Україна сумнай, у 70-х гадах быў пратэст, які таксама замоўчвалі ў Савецкім саюзе. І нядаўна я зрабіла інтэрв’ю з украінскай мастачкай Аляўцінай Кахідзэ, якая сказала, што ўкраінцы – гэта такая нацыя, якая лічыць, што палітыка можа быць у іх руках, што сапраўды грамадзяне маюць уплыў на палітыку. І гэта праяўляецца ў расстаноўцы сіл, якія будуцуюць свае інстытуцыі, свае праекты, якія будуюць сетку падзей. Напрыклад, змагаюцца за Акадэмію мастацтва, там таксама ідуць выбары і там дыскутуюць у публічнай прасторы, калі выбіраюць рэктара.
Я не так добра ведаю беларускую сцэну, як сцэну ўкраінскую, але мне падаецца, што і тут таксама ідуць такія важныя зрухі, якія азначаюць, што людзі структуруюць сваю культурную прысутнасць. Напрыклад, ёсць часопісы, якія засноўваюць мастакі, ёсць архівы, якія закранаюць гісторыю беларускага мастацтва, цудоўная галерэя Ў. То-бок дастаткова праяў беларускага культурнага жыцця, якія б рэагавалі на сітуацыю тут і цяпер.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя