Ганна Севярынец правяла аўтограф-сесію ў „Акадэмкнізе”



Чарговая аўтограф-сесія ў папулярнай менскай кнігарні «Акадэмкніга». Гэтым разам сваю новую кнігу падпісвала чытачам Ганна Севярынец.

У выдавецтве «Рэгістр» напачатку новага года выйшаў раман пісьменніцы «Гасцініца «Бельгія». Галоўным героем кнігі з’яўляецца паэт Алесь Дудар, які быў забіты НКВД у крывавым 1937 годзе. Ганна Севярынец перад аўтограф-сесіяй распавяла нашаму радыё, што працяг гэтай кнігі яна напісаць не зможа.

– Паколькі працяг гэтай кнігі магчымы, калі я пачну пісаць пра катаванні і расстрэлы, то ён немагчымы. Таму што мяне, дзякуй богу, не катавалі, я ніколі не бачыла як гэта адбываецца і не маю права кранаць гэтую тэму, таму што гэта будзе хлусня ў любым выпадку. Але наогул павінны з’яляцца гістарычныя кнігі пра тое, што з намі ўсімі адбылося, і чым болей іх будзе, чым болей аўтараў будуць пісаць пра гэта, тым будзе лепей і правільней.

«У рамане «Гасцініца «Бельгія» амаль няма мастацкага вымыслу. У кожным разе, ён тут мінімальны», — сказала Ганна Севярынец.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара