Ганненскі кірмаш у Зэльве



Свята “Ганненскі кірмаш” пачалося ў Зэльве з раніцы ў суботу, 21 жніўся. Яно было прысвечана 300-годдзю з дня правядзення ў Зэльве славутых кірмашоў. Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы кірмашу, Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.

Летась з-за каронавірусу штогадовае свята ў Зэльве не праводзілася. І сёлета яно атрымалася малалюдным і нейкім сумным. Людзям цяпер не да святаў у Беларусі, ды і грошай у кішэнях усё менш і менш, тым больш, што заканчваецца лета, і неяк трэба сабраць дзяцей у школу.

Але ж Ганненскі кірмаш у Зэльве адбыўся. Ён пачаўся ў цэнтры Зэльвы. Пасля ўрачыстага адкрыцця, свята праходзіла на цэнтральнай плошчы пасёлка.  Зэльвенцаў і гасцей радавалі танцавальна-касцюміраванае шоу, канцэрт калектыва “Рада” з Гародні, розныя выставы, конкурсы, падворкі сельсаветаў і сельскагаспадарчых арганізацый, сельскагаспадарчыя бяспройгрышныя латарэі, кірмашовыя конкурсы, выступленні артыстаў з Берасця і Менску, дзіцячыя калектывы.

На вялікі жаль, да свята не былі выдадзеныя новыя значкі, буклеты, кнігі, паштоўкі. Не прадаваліся сёлета кнігі пісьменнікаў-землякоў, адсутнічалі і самі пісьменнікі, каб паставіць аўтографы на сваіх кнігах. За тое на Ганненскім кірмашы стараліся рэкламаваць сённяшнюю дзяржаўную сімволіку. Запомніўся эпізод, як жанчына несла ў руцэ чырвона-зяленыя сцяжкі, а адзін мужчына ёй сказаў: “Схавай іх і нікому не паказвай…”.

У якасці заключнага акорда, удзельнікі кірмашу пабачылі вогненнае шоу, фейерверк, танцавальную праграму з удзелам кавер-бэнда “Coza Nostra” з Менску.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва.

Фота аўтара.