Гарадзенец атрымаў прэстыжную фотапрэмію
Гарадзенскі фатограф Яўген Бузук атрымаў прэстыжную фотапрэмію – медаль Брытанскай фотаасацыяцыі. Яўген – адзіны гарадзенскі фатограф, які мае такую прэстыжную ўзнагароду. Фотамайстар распавядае пра свой ўдзел у міжнародных конкурсах
— Я выслаў працы на конкурс пад назвай «Дамініка». Арганізатары з Канады. І ўсё гэта пад эгідай FIAP і Брытанскай асацыяцыі. Так выйшла, што два фотаздымкі з 4 дасланых атрымалі нейкія ўзнагароды. Адзін атрымаў бронзавы медаль салона, гэта не найвышэйшая ўзнагарода, а вось другі атрымаў медаль Брытанскай асацыяцыі. Больш сур’ёзныя за яе толькі медалі FIAP.
Па словах Яўгена Бузука беларускія фатографы маюць вельмі добры ўзровень:
— Нейкі сярэдні ўзровень гарадзенскіх фатографаў вельмі добры. Мастацкія фотаздымкі ў нас ёсць цікавыя, той жа Саша Саенка. Ён, вядома, рэпарцёр, але гэта мастацкі рэпартаж, ля якога я і блізка побач не стаяў, што называецца. Я так не ўмею. Ёсць фатографы ў камерцыйным плане дастаткова паспяховыя. Гэта добра, але пра сусветны ўзровень цяжка сказаць, бо цяжка параўноўваць сябе з кімсьці яшчэ. Таму я і дасылаю свае працы кудысьці далей, дзе мяне не ведаюць.
Яўген Бузук упэўнены , беларусам трэба ўдзельнічаць у розных фотаконкурсах і гэта будзе больш распавядаць пра нашу краіну Беларусь. І яе прыгажосць.
Беларускае Радыё Рацыя