“Гарадзенкі” – новая кніга ад Hrodna.life



Першая прэзентацыя кнігі ад журналісткі незалежнага выдання Hrodna.life Ірыны Новік пад назваю “Гарадзенкі” адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Кніга змяшчае больш за 10 размоваў з сучасніцамі, дзяўчынамі, што жывуць у горадзе над Нёманам. Многія з іх прыйшлі на прэзентацыю. Пра кнігу кажа адна з гераіняў, старшыня незалежнага Саюзу палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс:

– Для мяне гэта неспадзяванка. Я думаю, ніхто не рыхтаваўся рабіцца гераінямі. Сённяшняя сітуацыя ў краіне паказвае, што тысячы жанчын, дзяўчат сталі гераінямі. Ніхто з іх не думаў рабіцца гераінямі. Проста яны захаваліся годна, захаваліся згодна са сваім сумленнем, з гонарам чалавечым. Для мяне, канешне, вялікі гонар быць адной з гераінь гэтай кнігі.

Кіраўнічка гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка ў гэтай кнізе дзяўчына з вокладкі і для яе гэта вялікі гонар:

– Для мяне гэта той прыклад, які паказвае, што сімвалізм жаночай моцы ён не толькі ў прыгажосці, але ён і ў тых зменах, тых дзеяннях, якія робіць жанчына. Мне вельмі-вельмі хочацца каб гэта было прыкладам для нашых матуль і бабуль, які раслі ў іншы час і з іншымі сацыяльнымі ролямі. І каб для нашых дачок, нашых сыноў гэта быў іншы свет, дзе няма дыскрымінацыі толькі за тое, што ты жанчына.

Кніга створана па ўнікальнай методыцы, адна яе палова – гэта размовы з сучасніцамі, а другая – гістарычная, напісаная гісторыкам Андрэем Вашкевічам, яна ўтрымлівае 14  аповедаў пра славутых гарадзенак розных часоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча