Гарадзенскае ТБМ запрашае на анлайн-дыктоўку
Гарадзенская філія Таварыства беларускай мовы выклала на YouTube відэа, з дапамогай якога можна далучыцца да напісання агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі.
Распавяла сябра ТБМ, літаратака Ала Петрушкевіч:
– У Міжнародны дзень роднай мовы ў Гародні, як і па ўсёй Беларусі, штогод ладзіцца Агульнанацыянальная дыктоўка. На жаль сёлета з-за пандэміі такога свята, сустрэчы аднадумцаў наладзіць не выпадае. Таму Гарадзенская гарадская і абласная Рада ТБМ прапаноўвае вам напісаць дыктоўку анлайн.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Ала Петрушкевіч зачытала на відэа да 90-годдзя Ніла Гілевіча яго верш „Жыта, сосны і валуны”. Старшыня абласной філіі ТБМ Віктар Парфёненка заклікаў усіх беларусаў далучыцца:
– Беларусам прапануецца далучыцца 21-га лютага. У зручны для іх час адкрыць камп’ютар, дастаць з YouTube гэты тэкст, паслухаць і напісаць дыктоўку. Беларусы могуць выказаць сваё стаўленне да беларушчыны, да беларускай мовы, паказаць, што яны самавіты народ. Яны не адны, гэта пішуць тысячы і тысячы беларусаў у гэты дзень. Тэксты, якія ўслаўляюць наш край, услаўляюць нашу літаратуру, даюць магчымасць нам пачуць нашу еднасць.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Таксама падчас агульнанацыянальнай дыктоўкі прапануецца напісаць на выбар эсэ Уладзіміра Арлова „Незалежнасць – гэта”, а таксама творы Івана Шамякіна з нагоды яго 100-годдзя і тэкст Міколы Ермаловіча „Мова – сцяг народа”, напісаны ў 1975 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
