Гарадзенскае выданне Максіма Багдановіча



Пра гэта рэдкае, але каштоўнае выданне, мала хто сёння прыгадвае. Маецца на ўвазе зборнічак вершаў Максіма Багдановіча. Зборнік без назвы. Проста на вокладцы напісана Максім Багдановіч. І ўсё. Выйшаў гэты зборнічак 25 гадоў таму ў Гародні, дзякуючы музею Максіма Багдановіча і Упраўленню культуры і інфармацыі Гарадзенскага аблвыканкама. Адказным за выпуск выдання быў паэт Алесь Чобат.

Паўстае пытанне: а што цяпер дапамог выдаць Гарадзенскі аблвыканкам, хаця б да юбілею Максіма Багдановіча? Ды нічога. А тады дапамога з яго боку была адчувальнай. Наклад кніжачкі вершаў Максіма Багдановіча налічваў ажно 3000 асобнікаў. І магчыма многія яшчэ захоўваюць яе ў сваіх хатніх бібліятэках.

Акрамя самых лепшых вершаў Максіма Багдановіча, якія ўвайшлі ў зборнік, змешчаны тут і фотаздымкі старой Гародні, Фары Вітаўта, здымкі Вільні, музея Максіма Багдановіча. Напрыканцы зборніка надрукаваны артыкул Алеса Чобата “Паэт і час”. Гэта адзін з лепшых артыкулаў пра нашага песняра, у якім аўтар цікава прайшоўся па жыццёвых дарогах Максіма Багдановіча. Алесь Чобат называе Максіма Багдановіча “паэтам і чалавекам горада”, распавядае пра “міфы Багдановіча”, пра заслугі яго бацькі Адама Багдановіча перад сынам, пра Максіма Багдановіча, як “паэта Еўропы”.

З нагоды 130-годдзя з дня нараджэння “паэта чыстай красы”, прыгадаўся і гэты гарадзенскі зборнік Максіма Багдановіча.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя