Гарадзенскаму “Кубіку” – 6 год
Гарадзенская крама настольных гульняў “Кубік”, што месціцца ў самым цэнтры Гародні і вызначаецца сваім асартыментам і беларускамоўнасцю, адзначае свае 6 год.
Пра гэтую невяічкую гадавіну распавядае стваральнік і нязменны кіраўнік “Кубіка” Антон Янкоўскі:
– Шэсць год – гэта і малы, і вялікі адрэзак часу. Для нас гэта наступны этап у развіцці. Кожны год нешта новае ствараецца, некуды пераязджаем зноў. Мы тут ужо паўтара года, нам тут падабаецца, тут цудоўны дворык, месца добрае. Наступны год – гэта новыя ідэі, планы, новыя гульні на нашых паліцах, новыя ўласныя праекты.
На думку Антона Янкоўскага, самы знакаміты праект, які яны робяць – гэта настольная гульня “Паўстанцы”:
– Мы выпускаем сваіх “Паўстанцаў”, можна сказаць, што гэта адзіны наш праект. Шмат навінак цікавых перад Новым годам прывязем. Збіраемся зараз ехаць у Маскву на фестываль “Ігракон” – гэта самы папулярны фестываль настолак у СНГ. Павязём туды свае праекты і нейкія бізнес-сувязі для крамы хочам завязаць.
Прадстаўнікі крамы “Кубік” некалькі разоў на год удзельнічаюць у гарадскіх святах, ладзяць фэсты настольных гульняў і ў іх можна азнаёміцца з самым вялікім у горадзе асартыментам “настолак”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня