У гарадзенскай кірсе адбудзецца арганны канцэрт



Арган, які нядаўна быў усталяваны ў Лютэранскай царкве Гародні, парадуе слухачоў гэтым вечарам. А 18-ай гадзіне адбудзецца дабрачынны канцэрт. Выступіць Вольга Падгайская – выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пастар Уладзімір Татарнікаў кажа, што разам з ёй выступіць і вакал:

-Выступіць таксама Аляксандар Хумала – барытон, выпускнік аддзялення харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і аддзялення оперна-сімфанічнага дырыжыравання Ротэрдамскай кансерваторыі. Будзе гучаць арган і голас. У праграме канцэрту прагучаць творы Іагана Себасцьяна Баха  і творы кампазітараў ХVII – ХХІ стагоддзяў. Мы ўсіх шчыра запрашаем наведаць наш дабрачынны канцэрт арганнай музыкі!

У Гародні бракуе арганных канцэртаў. Як паведаміў пастар Уладзімір, людзі прыходзяць за гадзіну да канцэрта, каб заняць месцы. Хто не паспявае – стаіць у праходах. Усяго ў храме 200 сядзячых месцаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня