Гарадзенская “Мова Нанова” ладзіць музычны сюрпрыз



Гарадзенскія курсы беларускай мовы “Мова Нанова”, што адбываюцца ў горадзе над Нёманам з сакавіка 2014 года,  падводзяць вынікі навучальнага года. Вядоўцамі курсаў вырашана зрабіць выпускны ў інтэрактыўнай форме: падвядуць вынікі, узгадаюць лепшыя моманты заняткаў, а напрыканцы прыйшоўшых на сустрэчу чакае выступ нечаканага госця.

Пра выпускны распавядае адзін з вядоўцаў “Мовы Нанова” Антось Янкоўскі:

– Гэта будзе святочнае мерапрыемства, на якім мы паспрабуем падвесці вынікі курсаў, на якім мы яшчэ раз раскажам для тых, хт ніколі ў нас не быў, што эта за курсы. Да нас на заняткі завітае вельмі цікавы госць, якога мы чакалі доўга. Я думаю, яго ведаюць усе, асабліва калі сказаць, што яго імя звязана з такімі гуртамі як “Крамбамбуля”, N.R.M. , “Мроя”, «Zet». Ён зладзіць невялікі канцэрт, у яго можна будзе ўзяць аўтограф і сфоткацца на памяць.

Даведацца, што за госць прыедзе да гарадзенцаў ужо сёння можна будзе на старонках “Мовы нанова Гародня” ў сацыяльных сетках, а сам выпускны курсаў адбудзецца 23 траўня а 18-й гадзіне  па адрасе Гародня, Будзёнага  48а (зала ва ўнутраным дворыку).

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня