Гарадзенская выстава Джорджа Пэддэр-Сміта New Nudes
Гарадзенец і брытанец Джордж Пэддэр-Сміт адкрыў ў Цэнтры гарадскога жыцця сваю новую экспазіцыю New Nudes. Ён паспрабаваў наблізіцца да жаночага свету, гадзінамі назіраючы за мадэллю, заўважаючы змену жаночага цела ў залежнасці ад настрою, стомленасці альбо нечакана выглянуўшага сонца.
Аўтар Джордж Пэддэр-Сміт пра сваю выставу кажа наступнае:
– Гэта натуршчыца. Яна прыходзіць у маю майстэрню кожны тыдзень. Я раблю эскізы. Я маляваў яе два гады.
Кіраўнік Цэнтра гарадскога жыцця Павал Мажэйка лічыць Джорджа Пэддэр-Сміта вельмі запамінальнай культурніцкай з’явай горада:
– Вельмі прыемна, што тэматыка гэтай выставы вам да спадобы. Мы з сябрамі ўзгадалі такую гісторыю, як раптам у цэнтры горада падыйшлі да нас маладзёны і спыталі, а як там Джордж, як яго здароўе. Я сам сабе падумаў, што вось такі чалавек раптам нечакана калісьці з’явіўся ў нашым горадзе і ўжо на гэты момант стаў часткай ягонага культурніцкага ландшафту.
Пасля афіцыйнага адкрыцця выставы Джордж Пэддэр-Сміт зладзіў невялічкі блюзавы канцэрт разам з гарадзенскімі музыкамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня