Гарадзенскі абласны тэатр едзе ў Слонім



Гарадзенскі абласны драматычны тэатр у суботу, 13 ліпеня, ажыццявіць малыя гастролі ў Слонім. На сцэне Слонімскага драматычнага тэатра гарадзенцы пакажуць два спектаклі. Юных гледачоў артысты з абласнога горада парадуюць спектаклем “Слонік і месяц” па п’есе Давіда Самойлава ў пастаноўцы рэжысёра Аксаны Машынковай. А на суд дарослых слонімцаў артысты вынесуць спектакль “Нараджэнне” па п’есе Аляксея Слапоўскага ў пастаноўцы Генадзя Мушперта.

Гэта ўжо не першыя гастролі гарадзенцаў у горад над Шчарай. У сваю чаргу слонімскія артысты са сваімі пастаноўкамі выступаюць і на сцэнах Гарадзенскіх драмтэатра і тэатра лялек.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня