Гарадзенскі драмтэатр прыедзе на гастролі ў Слонім



На сцэне Слонімскага драматычнага тэатра 25 верасня выступяць артысты Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра.

Для юных гледачоў артысты з Гародні пакажуць сцэнічную казку “Жылі-былі дзве лісічкі”. Падзеі ў спектаклі адбываюцца ў лесе. А галоўныя героі – звычайныя грыбы. Сярод іх ёсць і станоўчыя, і адмоўныя. І трэба ж такому здарыцца – мухамор украў грыбка-“дажджавіка”. З-за гэтага ў лесе стала ўсё засыхаць. А як расці грыбам, калі няма дажджу?  Вось і адпраўляюцца грыбы на пошукі і выратаванне “дажджавічка”. А што было далей – даведаюцца толькі тыя дзеткі і іх бацькі, якія паглядзяць спектакль.

Дарослых гледачоў парадуе камедыя па п’есе Мікалая Гогаля “Жаніцьба” ў пастаноўцы рэжысёра Сяргея Яскевіча.

Гэта прэм’ерны спектакль, у якім маладая дзяўчына марыць пра каханне, яна хоча выйсці замуж, ёй тэрмінова патрэбны жаніх. Здаецца, што менавіта гэта напоўніць яе жыццё новым сэнсам і яркімі фарбамі… Пра ўсё гэта, і шмат пра што яшчэ, у  спектаклі “Жаніцьба”, які паглядзяць слонімцы.

Беларускае Радыё Рацыя