Гарадзенскі фатограф стаў пераможцам сусветных фотаконкурсаў
Вядомы ў Гародні фатограф Яўген Бузук за апошні год стаў пераможцам міжнародных конкурсаў.
Яго працы перамагалі на розных фотаспаборах у Азербайджане, Турцыі ды Злучаных Штатах Амерыкі
Распавядае Яўген Бузук:
– Усіх конкурсаў было дзесьці сем ці восем, для мяне гэта шмат. Я не тое, што вельмі актыўны ўдзельнік, проста стараюся, калі ўжо пасылаць, то пасылаць працы, на якія я разлічваю, якія падабаюцца самому. Гэтая схема спрацоўвае. Хочацца ў сваіх фотаздымках нейкую больш правільную, прылізаную рэчаіснасць паказваць. Таму там усё больш пазітыўнае.
Па словах фатографа, удзельнікам міжнародных конкурсаў па фатаграфіі можа стаць любы жадаючы:
– Ёсць нейкая тэма, напрыклад, чорна-белая фатаграфія. Прынята пасылаць не больш за чатыры працы. Я пасылаю, калі нейкія працы добрыя, калі суддзі іх высока ацэньваюць, то яны праходзяць у так званую фінальную частку, атрымліваюць так званы праход. І асабліва цікавыя працы могуць нават узнагародзіць. У асноўным гэта тое, што можна назваць жанравымі фотаздымкамі. Гэта не рэпартаж, гэта нейкія невялікія сцэнкі з жыцця.
Свае ўзнагароды, атрыманыя на міжнародных спаборах, Яўген Бузук аддае ў школьны музей фатаграфіі, што працуе ў гарадзенскім ліцэі №1, дзе ён калісьці вучыўся.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча