Гарадзенскія акторы напісалі ліст-патрабаванне Караеву



Прадстаўнікі творчых колаў Гародні, у асноўным гэта акторы гарардзенскіх тэатраў, напісалі ліст-патрабаванне міністру ўнутраных справаў Караеву, каб той зыйшоў у адстаўку. Пра гэты ліст кажа актор Гарадзенскага драматычнага тэатра Аляксандр Цібенькоў:

– Мы ў сувязі з гэтымі падзеямі жудасна ўсе ўзбуджаныя і ўсхваляваныя. З самага першага дня пачалі тэлефанаваць адзін аднаму і думаць, што можна зрабіць. Мы, як грамадзяне нашай краіны, разумеем, што трэба штосьці рабіць. Што тычыцца Караева, то мы ўзрушаны і абураныя ўсімі гэтымі падзеямі. Гэтымі адносінамі да людзей. І проста не маглі маўчаць.

Пра сваё стаўленне да сітуацыі кажа актрыса Аксана Плікус:

– Мой працоўны інструмент – гэта душа. Ужо тыдзень мая душа разрываецца на часткі. Я не ведаю як дапамагчы сваёй краіне, сваім суграмадзянам, сваім землякам, сваім гледачам. Гэтыя людзі, якія здзяйсняюць гэтыя бясчынствы, яны надалей працягваюць гэта рабіць. Яны ж былі маленькія, хадзілі ў наш тэатр на нашыя казкі!

Сярод падпісантаў ліста вядомыя гарадзенцы, мастакі і акторы тэатраў, музыкі і тэхнічны персанал, агулам ліст-патрабаванне падпісалі больш за сотню прадстаўнікоў творчых колаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня