Гарадзенскія «Dzieciuki» рушаць на выступы ў Польшчу
Гарадзенскі гурт «Dzieciuki» ў бліжэйшыя выходныя накіруецца ў міні-тур у Польшчу.
Распавядае вакаліст гурта Алесь Дзянісаў:
– Мы ў бліжэйшы час едзем на поўдзень Польшчы. Гэта будзе Жэшаў і Гараец – гэта такое невялічкае мястэчка, бліжэй да Славаччыны. Чаму менавіта там? Таму што там знаходзіцца шмат нашых заўзятараў, лепей нават сказаць сяброў. Прынамсі тыя, што робяць фестываль Folkowisko.
Музыка кажа, што цягам бліжэйшых месяцаў іх выступы таксама можна будзе пачуць у Менску і Варшаве.
– Потым у нас запланавана паездка ў Менск. Не буду зараз нічога казаць, таму што там яшчэ не ўсё ясна. Хутчэй за ўсё гэта будзе закрытая вечарына. Таксама плануецца канцэрт у Варшаве і сольнік у клубе “Рэпаблік” у Менску. Гэта будзе ў траўні.
Выступы гурта «Dzieciuki» доўгі час былі пад негалоснай забаронай ў гарадах Беларусі, а вялікі сольны выступ гурта адбыўся ў роднай Гародні ў снежні 2019 году – упершыню за 5 год.
Беларускае Радыё Рацыя