Гарадзенскія літаратары арганізавалі ў Зэльве кнігарню



Упершыню на зэльвенскім свяце “Ганненскі кірмаш” сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў арганізавалі гандаль беларускімі кнігамі. Сваю кнігарню яны назвалі “Кнігі нашых землякоў”.

IMG_1668

На суд зэльвенцаў і гасцей пасёлка свае творы выставілі пісьменнікі Валянцін Дубатоўка, Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын і гісторык Алесь Краўцэвіч.

Дзясяткі людзей падыходзілі да літаратараў і гісторыкаў, каб набыць сабе кнігі, атрымаць аўтографы, і проста пагутарыць з цікавымі людзьмі. Многія пыталіся, чаму раней не прыязджалі такія госці, прасілі прыехаць да іх выступіць у Цэнтры культуры, у школах, дзе даўно не выступалі таленавітыя людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Аўтары кніг пакідалі свае аўтографы, адказвалі на шматлікія пытанні зэльвенцаў.

IMG_1670

А людзей даўно хвалюе пытанне: чаму ў Зэльве шмат гадоў адсутнічае кнігарня? Дзе можна купіць такія кнігі ў Зэльве, Гародні, іншых райцэнтрах вобласці?

Многія зэльвенцы і госці пасёлка фатаграфаваліся на памяць з літаратарамі, мянялі розныя вырабы на кнігі, і проста абдымалі іх і цалавалі, бо, сапраўды, Зэльва ў сябе даўно не бачыла сапраўднай цікавай беларускай кнігі.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара.