Гарадзенскія мастакі размалююць 250 метраў асфальту
На свята горада, што пройдзе ў Гародні 14-га верасня, адмысловы падарунак рыхтуюць мясцовыя мастакі. Яны па-валанцёрску аформяць 250 метраў асфальтавага пакрыцця вуліцы Горкага графічнымі выявамі, арнаментамі, якія маюць нагадаць пра вялікую гісторыю горада над Нёманам.
Гэты мастацкі праект называецца „Гародня гучыць”. Працы, з нанясеннем водаадпорнай фарбы на асфальт, будуць ісці на працягу трох дзён.
Кажа Ірына Сільвановіч, дырэктар „Выставачнай залы Саюзу мастакоў Беларусі”:
– Фарбы купленыя. А мы, кожны з нас, нават Сяргей Рыбак, які працуе ў каралінскім фальварку Тызенгаўза, мы запрасілі яго паўдзельнічаць, ён з задавальненнем прыехаў, таму што гэтая эпоха Тызенгаўза яму вельмі цікавая, ён малюе і герб Тызенгаўза, і арнаментыку, будынкі, якія былі пабудаваныя ў эпоху Тызенгаўза, напрыклад, на вуліцы Ажэшкі зараз знаходзіцца музей «Гарадніца», і тут будзе выява гэтага музея таксама.
Дапамагаць прафесійным мастакам на валанцёрскіх прынцыпах пагадзіліся не ўсе ўстановы, якія прафілююць сваю дзейнасць у галіне дызайну, жывапісу. Аднымі з першых адгукнуліся на гэта студэнты каледжу мастацтваў. А таксама некаторыя выпускнікі гарадзенскага Купалаўскага універсітэту. Аб’ём мастацкага афармлення за такі кароткі час – вельмі вялікі: каля 2640 м ² .
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара