Гарадзенскія пісьменнікі абралі новага старшыню абласной філіі
14 лістапада прайшоў справаздачна-выбарчы сход гарадзенскай абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. На сустрэчу з гарадзенскімі творцамі прыехала кіраўніцтва самай сталай пісьменніцкай арганізацыі Беларусі – Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Усевалад Сцебурака.
Прысутныя заслухалі справаздачны даклад шматгадовага старшыні гарадзенскай філіі Юркі Голуба. Вядомы паэт прыгадаў усіх сябраў саюзу па вобласці і пералічыў іх апошнія кніжныя здабыткі, а таксама расказаў пра працу арганізацыі за апошні перыяд. Юрка Голуб прапанаваў абраць новага старшыню філіі. У выніку на альтэрнатыўнай аснове новым старшынём быў абраны Валянцін Дубатоўка. Вядомы празаік Сяргей Астраўцоў аднагалосна быў зацверджаны галоўным рэдактарам літаратурнага рэгіянальнага альманаху „Новы замак”, таксама была абрана рэдакцыйная рада.
У розным гарадзенскія творцы вылучылі асобаў з Беласточчыны, якія прапануюцца Радзе Саюзу беларускіх пісьменнікаў (яе паседжанне адбудзецца неўзабаве ў снежні) для зацверджання ганаровымі сябрамі арганізацыі. У лік пачэсных сябраў вылучаны вядомыя рупліўцы беларускага слова Віталь Луба, Яўген Вапа, Ганна Кандрацюк і Міхась Андрасюк.
Беларускае Радыё Рацыя