Гарадзенцы наведалі міжнародную выставу „Беларусь і Біблія”
Міжнародная выстава „Беларусь і Біблія” закрылася. За месяц яе працы ў Менску, яна прыняла больш за 20 тысяч наведнікаў. У памяшканні музея кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі выстаўлены скруткі з Мёртвага мора, біблейскія рукапісныя тэксты на папірусе і пергаменце, каштоўныя сярэднявечныя манускрыпты. У апошні дзень працы выставы там пабывалі пілігрымы гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі. Вось іх уражанні:
– Найбольш мяне здзівіла, што гэта захавалася да нашых дзён і мы можам пабачыць. Там быў такі адмысловы варштат, на якім можна было надрукаваць старонку Бібліі. І я таксама надрукавала.
– Я ўжо не кажу пра тую экспазіцыю, даволі вялікую, Скарынаўскую экспазіцыю. Мы да яе ледзь падыйшлі. Там была чарга найбольшая. Штосьці неверагоднае: арыгіналы кніг Скарыны, у Беларусі іх так мала.
Арганізатары выставы разлічвалі на дзве тысячы наведванняў, амерыканскія суарганізатары спадзяваліся на – пяць. Але прагнозы не спраўдзіліся. Колькасць жадаючых убачыць унікальную выставу перавысіла ўсе прагнозы. Дзеліцца сваімі думкамі грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот:
– Маё найбольшае ўражанне ад выставы бадай што зрабілі не экспанаты, а колькасць прысутных людзей. Чэргі, натоўпы тых, хто хацей паглядзець выставу “Біблія і Беларусь”. Я думаю, што адзін з экспанатаў выставы – гэта яе наведвальнікі. Іх прысутнасць падкрэслівае тое, што Біблія цікавая беларускаму грамадству – яе гісторыя, яе сучаснасць, яе значэнне.
Выставу наведалі не толькі свецкія групы, але і шматлікія пілігрымы розных канфесій. Таксама на выставе можна было адбіць старонку кнігі Францішка Скарыны, або напісаць радкі з Бібліі на скрутку.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя