Гарадзенцы стварылі відэапраект пра беларускую культуру



У Гародні, а дакладней каманда «Цудоўні» разам з  культурніцкай супольнасцю, запусцілі відэапраект пра беларускую культуру. Першы ролік прысвечаны святу Купалля. Відэа будуць з’яўляцца раз на месяц ці два. Асноўная мэта — расказаць пра рэчы, з якімі беларусы сутыкаюцца штодня, але мала што пра іх ведаюць.

Пра праект распавядае адзін са стваральнікаў, гаспадар „Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:

– Гэты праект ствараўся таму, што ў людзей, у беларусаў у першую чаргу, у абсалютнай большасці адсутнічае адэкватнае разуменне таго, што сабой уяўляюць народныя традыцыі і ў першую чаргу народныя святы. Гэтыя рэчы пастаянна на вачах, іх пастаянна ладзяць ва ўсіх гарадах, ва ўсіх мястэчках, але пры гэтым поўная адсутнасць разумення, што канкрэтна ладзіцца. Асабліва ў арганізатараў, часта гэтыя арганізатары дзяржаўныя.

Па словах Андрэя Несцяровіча, пакуль невядома, што будзе наступным крокам гэтага праекту:

 – Наступным ролікам мы зробім той, які нам “стрэльне ў галаву”. У нас з’явіцца натхненне, нас нешта зачэпіць, канкрэтна нейкая сітуацыя. І ў такім разе мы вельмі класна і хутка зробім нейкі новы матэрыял. То бок я не буду анансаваць, што наступны ролік у нас будзе пра арнаменты. Пра штосьці будзе.І ў любым разе гэта будзе пра штосьці такое дастаткова надзённае, таму што мы свае ідэі і матывацыю да дзеянняў чэрпаем з таго, што мы бачым.

Першае відэа было зроблена цягам месяца. Арганізатары плануюць рабіць наступныя часткі праекта навукова дакладным, бо прыцягнуць навукоўцаў.

Беларускае Радыё Рацыя