„ГараШ” тройчы вярнуў свой бюджэт за тыдзень пракату



Трагікамедыя пра Шабаны стала самым прыбытковым беларускім фільмам у нацыянальным кінапракаце за ўсю гісторыю.

Трагікамедыя рэжысёра Андрэя Курэйчыка «ГараШ» змагла сабраць у тры разы больш свайго бюджэту ў першы тыдзень рэспубліканскага пракату. Стала вядома, што фільм з Аляксандрам Кулінковічам і Арцёмам Курэнем у галоўных ролях ўжо сабраў у Беларусі крыху больш за 162 мільёны рублёў (з улікам прэв’ю на фестывалі «Лістапад»). Выдаткі на фільм, які здымаўся ў чэрвені 2015 года, склалі 51 мільён беларускіх рублёў.

Сваім уражаннем наконт пракату падзяліўся яго рэжысёр Андрэй Курэйчык:

– Я задаволены тым, што амаль ва ўсіх буйных гарадах Беларусі мы выходзім. Я задаволены тым, што глядач дае вельмі добрыя рэцензіі. Што няма тых, хто расчараваны. Бо грошай няшмат у людзей, і нават схадзіць на беларускае кіно каштуе. І я задаволены тым, што мы даказалі, што не трэба вялікія грошы і дзяржаўныя сродкі не трэба, калі ты хочаш зрабіць добрае кіно.

Па словах Андрэя Курэйчыка фільм паглядзела ўжо больш за 5000 гледачоў па ўсёй краіне. Аднак у розных гарадах Беларусі паказы адбываюцца па рознаму: напрыклад фільм не пайшоў у пракат у такіх абласных гарадах як Гомель і Магілёў.

Беларускае Радыё Рацыя