“Гарбата з незабудак” ад Касі Сянкевіч ў Менску
Саюз беларускіх пісьменнікаў выдаў чарговую кнігу аўтара, які жыве на Беласточчыне. У дэбютнай кніжнай серыі “Пункт адліку” выйшаў паэтычны зборнік Касі Сянкевіч “Гарбата з незабудак”. Беларуская паэтка і мастачка з Польшчы ужо з’яўляецца аўтаркай вершаванага зборніка «Дачка ружы», які выйшаў у Беластоку, цяпер яе кніга пабачыла свет і ў Менску.
Кажа прэс-сакратар Саюза Віка Трэнас:
– Мы атрымалі свежавыдадзеную кніжку дзяўчыны, якая беларуска, але жыве ў Польшчы, Касі Сянкевіч “Гарбата з незабудак”. Гэта паэтычны зборнік. Ён не першы ў Касі, справа ў тым, што ў яе ўжо выходзіў зборнік на радзіме, а вось у Беларусі ў яе ўпершыню выходзіць кніга.
У новай кнізе Кася Сянкевіч у пранізлівых маналогах-споведзях разважае пра вечныя тэмы кахання, веры, пошуку свайго месца ў жыцці і сусвеце. Форма, абраная паэткай, — верлібр, дазваляе абраць найбольш дакладныя і змястоўныя мастацкія сродкі для выказвання самых тонкіх пачуццяў.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя