Гародня: Алесь Краўцэвіч распавёў пра гісторыю ВКЛ
Прафесар гісторыі Алесь Краўцэвіч падзяліўся ведамі па гісторыі ВКЛ і прадставіў слухачам свае новыя кнігі на папулярных курсах „Мова Нанова Гародня”.
Кажа Алесь Краўцэвіч:
– Неверагодна цікавы праект „Мова Нанова”. Людзі прыходзяць не па прымусу, не за грошы, а таму, што ім гэта цікава, гэта ім трэба. Я ўжо не першы раз, можа трэці ці чацвёрты раз выступаю на „Мова Нанова” і заўсёды тут нейкая адметная атмасфера, заўсёды яна такая пазітыўная. Я зарадзіўся на некалькі дзён, як мінімум ад сённяшняй сустрэчы.
Гарадзенцы былі ўсцешаныя сустрэчы з вядомым гісторыкам:
– Я мала што ведаю з гісторыі Беларусі. Тут вельмі добрая магчымасць пазнаць гісторыю нашага краю, якую я люблю. Выдатна, што ёсць магчымасць прыйсці і набыць творы спадара Алеся. Мы даўно глядзім гэтага гісторыка на YouTube. Калі муж даведаўся, што ён будзе тут выступаць, то сказаў: „Усё, трэба збірацца”.
– Вельмі спадабаўся аўтар, бо адна справа глядзець на YouTube, іншая справа пазнаёміцца. Вельмі прыемна, што кожны панядзелак ёсць магчымасць далучацца да гісторыі і мовы.
У наступны панядзелак 26-га кастрычніка будзе магчымасць сустрэцца на курсах „Мова Нанова” з гісторыкам Алесем Радзюком, таксама выступіць музыка Алесь Дзянісаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча