Гародня: „БігМініФэст” – у фармаце анлайн



Апошнія дзевяць год напрыканцы ліпеня ў цэнтры Гародні адбываецца вялікі фэст пад назваю “БігМініФэст”. Прыязджаюць артысты, майстры агню, мімы, спевакі і выступаюць на вуліцы Савецкай і ў іншых месцах у цэнтры горада.

Пра гісторыю Фэста распавядае яго арганізатарка Наста Роўба:

– Фестываль першы праходзіў як канцэрт, які арганізавала я разам са сваім калектывам. Мы праводзілі яго як невялікі выклік самім сабе – атрымаецца ці не атрымаецца. У выніку за дзевяць гадоў мы перараслі ў  фестываль міжнароднага маштабу, які запаўняе вуліцы Гародні.

Сёлетняе мерапрыемства адбудзецца ў фармаце анлайн з-за каронавіруса, шкадуе Наста Роўба:

– У гэтым годзе мы не змаглі прайсці міма такога нестандартнага фармату як анлайн. У сувязі з тым, што многія артысты да нас, на жаль, не могуць прыехаць, мы перайшлі ў інтэрнэт. І сёння ў 20 гадзін у нас будзе трансляцыя на Ютуб-канале і на Фэйсбук.

Апроч гарадзенскіх майстроў агню ў трансляцыі і ўдзеле на Фэсце-2020 можна будзе пабачыць артыстаў і з іншых краін, у там ліку і з тых, якія ніколі не выступалі на гарадзенскай сцэне. Арганізатары запрашаюць да прагляду фэста анлайн на старонцы Фэйсбука – https://www.facebook.com/events/348053592867868/.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота tut.by