Гародня: другі (не) спектакль ад актораў драмтэатру



Гарадзенскія акторы паказалі ў Цэнтры гарадскога жыцця невялікі спектакль па п’есе сучаснага драматурга Кэрэн Клімоўскі „Удава, курдупель, цюлень ды іншыя”. Спектакль не могуць паказаць на сцэне гарадзенскага драмтэатру, бо галоўны актор Ігар Уланаў быў звольнены амаль месяц таму за акцыю салідарнасці.

Пра прадстаўленне распавядае Ігар Уланаў:

– Неверагодныя ўражанні, неверагодная энергетыка залі. Хоць на гэтай сустрэчы яна незвычайная, лампавая. Я лічу, што прыйшлі людзі, якія па-сапраўднаму любяць тэатр, па сапраўднаму любяць усё тое, што мы робім. Уражанні самыя незвычайныя, адчуванні прэм’ернага спектаклю, неверагоднае хваляванне і неверагодная радасць і шчасце ад сустрэчы з нашым гледачом.

Гледачы, якія прыйшлі паглядзець пастаноўку, таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі:

– Спадабалася гісторыя, спадабаліся акторы, спадабалася шчырасць у першую чаргу. Канешне публіка, якая прыйшла, бо вялікая ўзаемасувязь. Яшчэ раз дзякуй акторам, бо гэта было вельмі шчыра. 

Падабаецца вельмі атмасфера, неверагодныя акторы і я спадзяюся, што гэта не апошняя наша сустрэча. Дзякуй вялікі!

– Тэма падабалася, а то яны штосьці ўсё камедыі паказваюць. Тут такое, з аднаго боку камедыя з глыбінным сэнсам, цікава канешне, наш тэатр становіцца ўсё больш цікавейшым.

Гэта пастаноўка стала другой цягам месяца, якую паказалі ў цэнтры горада, але не на сцэне тэатра. Апроч паўсотні гледачоў у зале каля Цэнтра гарадскога жыцця дзяжурыла вялікая колькасць міліцыянтаў у трох аўтамашынах: аўтазаку, міліцэйскай „Газелі” і чырвоным аўтобусе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча