Дзень і ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках



Арганізатары ўжо традыцыйных „Танцаў гарадзенскіх дворыкаў” запрашаюць на вялікае мерапрыемства пад назваю „Дзень і ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках”, якое адбудзецца на розных пляцоўках горада 19 кастрычніка 2019 года.

Пра адметнасці мерапрыемства распавядае адзін з арганізатараў Андрэй Бароўскі:

– Гэта  сустрэча аматараў традыцыйных танцаў, якая адбываецца ўжо трэці год запар. Запрашаем нашых сяброў з Літвы, Латвіі, Польшчы, Расеі. Чакаем на танцавальную пляцоўку, канешне ж, усіх гарадзенцаў, і людзей старэйшага ўзросту, і дзяцей. І таксама замежных гасцей. Навучання не будзе, а будуць цэлую ноч танцы.

Апроч менавіта танцавальнай часткі адбудуцца розныя майстар-класы, на якія Андрэй Бароўскі таксама запрашае ўсіх жадаючых:

– Да гэтага ўсяго на дзень запланаваны ярмарак майстроў музычных інструментаў. Недзе а 14-й гадзіне мы спрабуем запрасіць майстроў і зладзіць такую сустрэчу, каб яны маглі падзяліцца досьведам, нешта паказаць са сваіх напрацовак музычных, і канешне, зайграць на гэтых інструментах.

На дзень правядзення мерпрыемства запланаваны таксама і тэматычны шпацыр пад назваю “Гродзенскія званы”. Удзел ва ўсіх мерапрыемствах праз папярэднюю рэгістрацыю на сацыяльных старонках падзеі ў сеціве  пад назваю “Дзень і ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня