Гародня: дзень народзінаў Казіміра Малевіча



Гарадзенскі Цэнтр гарадскога жыцця стаў месцам, дзе адкрылася выстава да дня народзінаў Казіміра Малевіча.

На выставе можна пабачыць тузін працаў, якія прадстаўляюць дзве экспазіцыі: дзеці з хоспіса, што малююць працы Малевіча, а на другой – вядомыя гарадзенцы ў цішотках, вырабленых з працаў дзетак.

Пра асаблівасці выставы кажа дызайнерка Ірына Варкулевіч:

– Мы правялі шэсць заняткаў з дзецьмі. Мы намалявалі 24 працы. Гэта быў супрэматызм. Чаму супрэматызм? Таму што Казімір Малевіч заснавальнік супрэматызму. Гэта абстрактнае, авангарднае мастацтва. Мне было проста з імі працаваць. Я зрабіла проста трафарэты.

Пра другую частку праекта распавядае журналістка, рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік:

– Наша задача ў гэтым праекце – расказаць як мага большай колькасці гарадзенцаў пра тое, што дзеці з хоспіса могуць рабіць такія таленавітыя рэчы. Наша задача была знайсці герояў, якія дапамаглі б расказаць праз свой уласны прыклад пра тое, як можна падтрымаць хоспіс. І канешне, можа нават самае галоўнае было не зарабіць грошы, не сабраць нейкія матэрыяльныя сродкі, а паказаць, што любы чалавек у грамадстве варты ўвагі і таленавіты.

Па словах арганізатараў, выстава пасля Гародні паедзе ў іншыя гарады Беларусі, Літвы і Польшы, дзе дапамагаюць гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча