Гародня: дзіцячае свята ў цэнтры – як альтэрнатыва дзяржаўнаму



У цэнтры Гародні на Кірава, 3 адбылося дзіцячае свята, якое арганізавалі тры беларускія крамы, што месцяцца побач: “Кубік”, “Адметнасць” і “Цудоўня”.

Пра асаблівасці святкавання кажа прадстаўнік “”Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:

-Ролевая  гульня на тэму Гаспадара Цмокаў. Нібыта ідзе набор у школу Гаспадароў Цмокаў. І дзеці спаборнічаюць за права навучацца ў гэтай школе. А па-сутнасці, гэта быў конкурс дзіцячага малюнку на асфальце. Дзеці малявалі крэйдай пад жывую  музыкую са штатным міністрэлем з бадзяжных Катоў. Таксама былі Таццяна і Паша Салаўёвы ў фармаце вольнага мікрафона. Дзеці гулялі ў настольныя гульні ад “Кубіка”. Знаёміліся з тым чараўніцтвам, якое можна ствараць з драўляных цацак.

На думку Сяргея Верамеенкі з крамы “Адметнасць“,  такія святы для дзетак трэба ладзіць як мага часцей:

– Крама “Адметнасць” таксама далучылася да сённяшняга свята. Мы вылучаем свае падаруначкі – маленькія і трошкі большыя значкі з арнаментам, з валошкамі і вышываначку. І лічым, чым больш беларускага свету, тым менш “русского мира”.

Падчас фэста можна было сфатаграфавацца з рыцарамі, паслухаць беларускія спевы, а таксама набыць эксклюзіўныя драўляныя лялькі, якія робяцца толькі ў Гародні.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня