Гародня: Дзіцячы арт-пікнік прысвяцілі кнігам



Штогадовы артыстычны пікнік на базе “Велес”, што каля беларуска-польскай мяжы, у гэтым годзе стаў кніжным святам. На пляцоўку базы завіталі розныя ініцыятывы, якія займаюцца кніжнай справай, прапагандуюць кнігу, а таксама кнігавыдаўцы.

Адну з самых цікавых ініцыятываў прадстаўляла на кірмашы гарадзенка Алена Юшкевіч:

– Я прадстаўляю гасцёўню “Валошкі”. У прынцыпе ўся наша гасцёўня закручана на кніжцы Анатоля Клышкі “Францыск Скарына, альбо як да нас дайшла кніга”. Дзеці могуць паспрабаваць зрабіць пячатку Францыска Скарыны, як гэта зрабіў сам першадрукар у сваім дзяцінстве. Пагартаць кнігі, зрабіць размалёўку, пранікнуцца мудрымі думкамі нашага першадрукара, паглядзець на яго партрэты, дзе ён заўсёды сярод кніг.

Для прыехаўшых на арт-пікнік гараденцаў вялікай нечаканасцю быў прапанаваны асартымент беларускіх кнігаў, які  прадстаўляла гарадзенская “Цудоўня”. Пра кнігі з “Цудоўні” распавядае Надзея Несцяровіч –Вішнеўская:

– Сёлета мы прыехалі з дзіцячымі кніжкамі на беларускай мове. І трошку вырабаў ручной работы прывезлі. Кніжкі карыстаюцца вялікім посьпехам. Іх увесь час хтосьці гартае,  пытаецца, радуецца, што яны такія прыгожыя, што яны на беларускай мове, і ёсць магчымасць іх пачытаць.

На свята дзіцячай кнігі завіталі госці з Менску Андрэй Хадановіч, Марыйка Мартысевіч і Надзея Кандратовіч. На арт-пікніку  таксама выступілі музыкі і розныя школы танцаў, былі прадстаўленыя вытворцы дзіцячай лялькі і розныя дзіцячыя гурткі.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня