Гародня: “Дзянісаў і сябры” сабралі амаль сотню прыхільнікаў
Першы канцэрт падчас пандэміі каронавірусу адбыўся 2 жніўня ў гарадзенскім дворыку, дзе знаходзяцца “Цудоўня”, “Адметнасць” і Цэнтр гарадскога жыцця.
Перад гарадзенцамі выступіў Алесь Дзянісаў з сябрамі-музыкамі, якія выступалі разам з ім у розных музычных праектах. Таксама выступіў украінска-беларускі музыка Алег Сухараў.
Пра канцэрт распавядаюць гарадзенцы, што прыйшлі паслухаць музыкаў:
– За час пандэміі і я, і большасць гарадзенцаў стаміліся ад сядзення дома, і гэта вельмі класна, што адбываюцца падобныя канцэрты, улічваючы нашу сітуацыю, што хутка будуць выбары, усе мы на вялікім негатыве, а падобнае мерапрыемства дае пазітыў і прыемныя эмоцыі.
– У іх атрымліваецца атмасфера душэўнасці, як у дому. Людзі збіраюцца, хаця ты не ведаеш іх. Файная атмасфера. Гучанне дамашняе, цёплае.
– Яны аб’ядноўваюць людзей. Кожны хто прыходзіць, адчувае еднасць. Гэта прыгода, гэта добра, гэта шмат эмоцыяў.
Па словах Алеся Дзянісава, такія канцэрты – гуртуюць грамадства:
– Шмат разоў бачыў такія канцэрты – ва Украіне, у Польшчы, у Чэхіі. І гэта нармалёва, калі людзі проста збіраюцца без ніякіх дазволаў, якія там тэксты. Мы самі разумеем, што спяваць, што не спяваць. Гэта класна. Вось так і нараджаецца культурны дзвіж. З другога боку, з такіх вось рэчаў нараджаецца сапраўднае беларускае грамадства.
Алесь Дзянісаў у амаль дзвюх гадзіннай праграме паказаў шматбаковасць сваёй творчасці – ад “Кальяна” 90-х, да акустычнай праграмы на словы Алеся Чобата. А заключнай песняй праграмы была знакамітая песня”Радыёактыўны снег”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча