Гародня: фантастычныя вобразы ад Валеры Стратовіча



У гарадзенскай кавярні AvaKava прадстаўлены новы праект мастака Валерыя Стратовіча, які ўтрымлівае працы, падобныя да ілюстрацыяў да кнігаў фэнтэзі.

Пра праект распавядае сам мастак:

– Праект называецца “Дэжавю”. Складаецца з трох частак, якія нібыта незалежныя адна ад адной. Яны вандравалі асобна – гэта “Хостэлі будучыні”, “Артэфакты” і “Гумовае шчасце”. Вельмі філасофскі праект “Гумовае шчасце”. Для кагосьці шчасце гэта грошы, золата, дыяменты, для іншага – пацалункі дзіця, абдымкі жонкі.

На думку кіраўнічкі Таварыства польскіх мастакоў Валянціны Брысач, Валер Стратовіч – адзін з самых таленавітых гарадзенскіх майстроў.

– Гэта чалавек вельмі таленавіты. Таленавіты мастак. Напэўна адзін з самых цікавых мастакоў на Гарадзеншчыне. Ён вельмі працаздольны. Вельмі актыўны ў творчасці, бо часта робіць выставы, і заўсёды ў яго нейкія новыя праекты, цікавыя, на розныя тэмы. Таму гэта цікава гледачу, усім прыхільнікам мастацтва.

Патрапіць у свет, створаны працамі Валеры Стратовіча, у Гародні магчыма цягам месяцу – да 15 красавіка 2020 году.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча