Гародня: Фэст экскурсаводаў-2020 перанесены на верасень



Фэст экскурсаводаў у Гародні, які мусіў адбыцца напрыканцы красавіка 2020 году, перанесены.

Пра перанос падзеі распавядае адзін з арганізатараў фэсту, каардынатар па Гародні Міхаіл Нарынкевіч:

– 25-26 красавіка павінна было адбыцца шыкоўнае мерапрыемства – Фэст экскурсаводаў. Гэта фэст бясплатных экскурсіяў, на якім планавалася шмат рознабаковых, рознапланавых экскурсіяў. Але з эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце і ў Беларусі вырашана было гэты фэст не адмяніць, а перанесці. І таму мы пераносім на 19-20 верасня. Усіх запрашаем. Бліжэй да гэтага часу будуць паведамлены і экскурсіі і будуць зроблены ролікі і анонсы. Таму да сустрэчы.

Мінулагодні фэст экскурсаводаў распачаўся якраз год таму 12 красавіка 2019 году і складаўся амаль з дзвух дзясяткаў бясплатных экскурсіяў, пачынаючы ад касмічнай тэмы на Дзень касманаўтыкі і скончваючы роварнымі экскурсіямі. Што адбудзецца ў верасці 2020-га году – арганізатары просяць сачыць па абвестках у сацыяльных сетках.

Беларускае Радыё Рацыя